Гаўрыла па чарзе хвасянуў па разу коні.
— А колькі ўжо вярстоў мы праехалі? — пацікавілася Акіліна.
— Палавіна якраз. Дваццаць з лішкам вярстоў.
— А мне здаецца, мы праехалі мо‘ каля трыццацёх вярстоў, — выказалася Акіліна маці.
— Ого, толькі дваццаць, панечкі. То не на чыгунцы, што маргнуў вокам — і няма вярсты. Вось длыгаюць, яд; сонныя; пакуль вярсту ўбяруць у гэткую гарачыню — то ня жарты... А тут, пэўна-ж, трасецца, на яго ўсё ліхое, — пасьмяяўся Гаўрыла і хітра адвярнуўся ўбок...
— Но-о-о! Яшчэ трохі — адпачынем за ноч!
III.
У Скарбаве яны папасваліся каля гадзіны і кранулі далей гадзін у тры па палудні. Коні супачылі і пайшлі жвавей, тым болей, што праз хваёвы лес дарога была гладкая і ня так пякло. Да мястэчка Кругі праехалі не шманаючы: то гутарылі, то разьзіралі вакольныя палеткі.
Акіліна, перамаўчаўшыся за паўдня, таксама прыняла ўдзел у гутарцы; у яе адлягло ад сэрца, надышоў інакшы настрой, нечакана бадзёры, няўтрымны. Адкульсьці сыпнуліся ў голаў розныя спадзеўныя думкі; закалыхалася ўражаньне, успаміны. Саўхоз, ненавідзімы ўчора і праціўны сёньня зранку пачаў малявацца ёй куды ў багацейшых фарбах, ніж паказваў яго ў сваіх гутарках ды ва ўгаворах яе Ладымер. Парк, агарод, сажалка, добрая кватэра... Зжывецца з рабочымі саўхозу, з сялянамі вакольных вёсак. Будзе хадзіць у госьці, частавацца бухонымі грэцкімі блінцамі са сьмятанаю. Гаварыцьме з сялянкамі аб гарадзкім жыцьці па нядзелях на прызьбе... Можна будзе пастроіць тэатр і ладзіць спэктаклі. Пэўна-ж, у Скуплях ёсьць падобныя ёй жанкі, мо‘ ўпраўляючага саўхозам, канторшчыка, садавода...
Ужо недалёка ад м. Кругі, калі перарвалася гутарка, Акіліну спотайку чапіла знаёмае ёй глухое, нявыразнае жаданьне сустрэць у Скуплях інтэлігэнтнага прыгожага мужчыну, ну хоць-бы схожага з тым, якога яна калісьці, будучы дзяўчынай, спаткала ў Паўлаўскім парку і аб якім ужо доўга марыла. Мігам аднавілася ў яе лятуценьнях цэлая нізка пекных дарагіх вобразаў — з дрэвамі, квятамі, пацалункамі, дзявочымі марамі... Усё гэта паціху прыблізілася йзноў да яе, агарнула яе істоту, заваражыла душу, і Акіліна выразна пачула жывую асалоду мінуўшай пары. Бязвольнай, чулася ёй, нясе штось яе настрэчу мінуламу... Але раптам усё абарвалася, калі Ладымер хапіў яе за руку і праказаў: