Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

раў сонешняе цяпло і выпускаў яму настрэчу лёгкую здавальняючую ўхмылку.

— Вось тут трэба настаражыцца, — прагукаў Гаўрыла, калі коні пахілілі крыху ўправа, каб накіраваць на мост, і азірнуўся на заднюю фурманку. — Дагэтуль яшчэ масты не папраўлены. Вось нядбаласьць, ніякае ўвагі. А гэта-ж уночы едучы цэлая бяда можа здарыцца: чуць аглядзеўся і — з возам ляпнеш у рэчку. Каб гэта я стаў намест нашага самага галоўнага камісара, дык зразу ў першую чаргу распарадзіўся-бы паправіць шляхі. Трэба-ж прывесьці ў парадак патроху гэтыя дылы краю“...

Гаўрыла ўподбег апынуўся пры першым кані і хапіў за дышаль. Гледзячы на яго, Ладымер тое-ж зрабіў з задняю фурманкаю.

— Ой, памалу, каб не павярнуўся воз, — спалохалася Акіліна і хапілася аберуч за біла.

— Ня бойся, коні прывыклі хадзіць, ім не навіна, — суцешыў Ладымер жонку.

Суцяшаючы коні, яны акуратна ўзьвялі іх на вузенькі, з хваёвых няпрыбітых к балькам круглячкоў, масток, і, раз-по-разу водзячы поглядам узад і па бакох, пераехалі на другі бок.

Ну, цяпер у мяне нібы пяць пудоў спала з плеч, — праказаў Гаўрыла. — Кожны раз, ведаеце, — абярнуўся ён да кабет і Ладымера разам, кожны раз прыходзіцца трасьціся, пераяжджаючы гэтыя масты. Вось-вось няшчасьце, вось-вось няшчасьце... Надоечы, дык, каб вы зналі, чуць-чуць ня выкупаў камісара. І неспадзявана зусім. Ехалі, як ехалі, ладам, добра, а толькі намерыліся пераяжджаць гэты самы паганы масток на табе — прымха. Коні на мост, а бусел, на яго ліха, пырх вунь з-пад таго куста — аж коні пырск, затупалі, хільнулі галовамі і вось-вось — ня ведаю сам, што затрымала іх — скочылі-бы ў ваду... Тут і я ня струсіў — скочыў да за цуглі — стойце. Але камісара так таўхнула, што ён павярнуўся на возе і шапку ўпусьціў у рэчку... Вось вам, што значаць масты. Я прыдаю ім вялікую-вялікую значнасьць.

— Калі, браце, нельга ўсяго зараз залапіць, — разуважыў Ладымер: — Савецкаму правіцельству столькі разбуранага дабра засталося, што няма сіл наладзіць зразу ўсё. Пэўна-ж, шляхі ў першую чаргу патрэбна наладзіць — то зразумела. І іх наладзяць...

Пакуль яны гутарылі, коні прыпыніліся.

— Што-о сталі! Но-о-о! Вось у Скарбаве зробім папаску. Не падохнеце. Цяжар вялікі, падумаеш. Даўно пугі ня спыталі.