Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/216

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аднораз бачыў, што жывуць ня дрэнна. Таму-то мяне й зацікавіла гутарка твае кабеты. Не хацець ехаць у Скуплі — проста дзіва. Я-ж кажу, каб ды гэта на мяне, я-б пехам пашоў. З вашай службай там можна быць зусім незалежным ад упраўляючага; парабіў — і ня знай нікога... А жонцы — ніякае работы. Дагледзіла печы, наварыла мужу абедаць — і шпацыруй па парку, назад рукі залажыўшы. Пазірай на шаты дзярэў ды слухай салаўя ці павука. Сельскім кабетам — іншая рэч; не папрацуеш — то і не зьясі, а гарадзкім — на ўсё напляваць. Муж — майстар, заробіць і гатовае прынясе.

— А каб ты цяміўся, Гаўрыла, — ня ўцерпела старая, — і ўмееш-жа ты разводзіць лясы. То-ж і гледзячы на гарадзкіх трэба разьбірацца: адна любіць шпацыраваць, назад рукі залажыўшы, а другая зусім іначай — заўсёды нойдзе работу ў хаце.

— Ай, кіньце ўжо; хто-хто, а я сёе-тое ведаю; мне ня трэба расказваць. Но-ой-дзе-э! Дзе яе нойдзеш, калі няма...

Яны пад‘яжджалі к нелапой рэчцы, якая замыславатымі выкрутасамі вілася праз шырокі гал поплаву. Там-сям, бліжэй і далей, выдаваліся з зелені алавяныя плямы вады, зусім, здавалася, ня злучаныя адна з другою. Дробны кустарнік, купамі і градкамі, даглядаў за рэчкаю і, нібы тычкі, адмячаў яе шлях. Рэдкія алешыны ўбіралі сабою зялёны, пажаўцяны курасьлепам і бялянкамі, поплаўны прастор. Недалёчка ўперадзе стаяў лес. Быў поўдзень. Распаленае сонца стаяла ў самым высокім месцы дзяннога прайходу і неміласэрна пякло. У яго прыску губіўся чуць-чуць прыметны подух ветру; запечаная расьліна стаяла нярухома, моўчкі, быццам зьвязаная неабачнымі ланцугамі. Парнае паветра растапляла расьлінны пах, разбаўляла яго ў сабе і наганяла снатворны водыр. Паказвалася, нібы густы пыл насіўся між зямлёю і небам, брудзячы нябесную лазурковасьць і ўючыся рэдкім воблакам пад сонцам. Крычалі кані, але так гультайна, як-бы несхаця, рэдка, ня могучы доўга лятаць. У такім-жа настроі выгуквалі сваё зацяжнае, вякі аднатоннае „но-о, но-о, но!“ аратыя; марудна, як назаўтра трэба, рухалі яны ўсьцяж ніў.

Коні пусьцілі пот і нясьціханна трасьлі галавамі. Іх ратавала сіла, якая сабралася па добрых харчох зямельнае ўстановы. Не прыкмячаў толькі гарачыні фурман Гаўрыла. Ён ішоў пры першым возе роўным бадзёрым шагам, гутарыў з Ладымерам і памахваў пужкаю над канём. Старая паношаная жукетка з шэрага даматканага сукна была падпяразана канаплянаю аборкаю, а пры стрыфлях троха разгорнутая — „каб заходзіў за пазаху вецярок“. Смуглы твар Гаўрылы з прыемнасьцю ўбі-