яе аздараўляючы ўплыў. Так глыбока засела ў душу гэта заплясьнелая мяшчанства. Дай ты ёй вобчаства, трымайся далікатнасьці, манернасьці. Здавалася-бы й замудра пераняць было гэтыя панскія штукі, а, глядзі, усе іх ведае. Дзявочыя гады правяла на заводзе, мела дачыненьне з простымі людзьмі, а потым вылавіла ўсё да дробкі. Вось што знача кабечая натура“.
Думаючы, Ладымер ускоса паглядаў на Акіліну, якая моўчкі сядзела на возе і нязьмігутна праймала вачыма паперадзе ляжачы шлях.
Яе маці, наадварот, была давольна пераезду ў саўхоз. Сваё здавольства яна выказвала ў нямоўчнай гутарцы то з хлопчыкам, то з фурманом. Некалькі разоў, пакуль выехалі за горад, яна прапанавала Ладымеру сесьці на воз, а дачку прабавала выклікаць на гутарку.
Ладымер заўважваў гэта і паважна ківаў галавою, калі Акіліна нядбала адварочвалася ад мацеры.
Выехаўшы за горад, ён першы рашыў зачапіць жонку, каб разьвесяліць і ўверыць яе ў разумнасьці свае пастановы.
Слухай, Акіліна, — :абярнуўся ён да жонкі ў жартоўным тоне, ты яшчэ не перадумала наконт нашага перасяленьня?
— Пакінь жартаваць! — сярдзіта агрызнулася Акіліна. — Паглядзімо, што з гэтага выйдзе. Наколькі ты разьлічыў. Каб ня прышлося заўтра-ж каяцца.
— Ці ліха! Няўжо-ж-такі ў Скуплях нас чакае нешта нядобрае. Ня верыцца мне. Думаю, што ты ашукаешся.
— Нагаварылі, авось забачым, нядоўга чакаць.
Фурман, гадоў за пяцьдзесят мужчына, здаровы яшчэ і заўжды весела настроены, ідучы пры першай падводзе, слухаў спрэчкі Ложкаў між сабою і перш зьдзіўлена паводзіў галавою ды пускаў па твары з рэдкаю барадою і бакамі яхідную ўхмылку, а потым абярнуўся да Акіліны і шчыра загаварыў:
— Ведаеце, пані, мне здаецца, што вы зусім дарма кажаце. Слухаю я вашы словы і думаю — людзям дабро само бяжыць у рукі, а яны адвертываюцца ад яго. Гэта-ж, каб мне здарылася пасяліцца ў Скуплях, я-б болей нічога не хацеў. Адна мясцовасьць чаго варта. А што ёсьць у саўхозе — паглядзеце! Колькі багацьця, як добра жывуць там людзі! У кожнага кватэра з двух-трох каморак; малака — колькі хоць; садовіна восеньню; настроіцца паравік — і мука свая. У панскіх палацах — ліха-ведае колькі месца. Ёсьць залі — хоць гумно рабі — мо‘ на гоны вакол. Вось прыедзеце, зоймеце добрую кватэру і будзеце бога дзякаваць.
Акіліна нічога не адказала фурману. А Ладымер зацікавіўся і хацеў паслухаць яго думак аб Скуплях, аб іх становішчы,