Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/212

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Толькі трэба падыйсьці да яго з адкрытаю душою, адкінуць усё тое, што, нам здаецца, становіць нас вышэй за яго... Гэтыя тры годы рэволюцыі зусім перамянілі нашага беларускага селяніна. Дарма кажаш, што ён будзе разьбівацца на дробныя плёткі, нагаворы ды іншае. Ня бойся — толькі ты трымай сябе роўнаю з ім, дык гэткае блізкае вобчаства знойдзеш у вёсцы, ці ў саўхозе, што й не падумаеш аб гарадзкім... А тэатры сваімі сіламі нагонім.

— Ай, што ты кажаш, сапраўды. Забыўся ўжо, як жылі ў другіх мясцох. Многа ты дастаў прыемнага ў саўхозе Крушках? Усімі сіламі стараўся ўцячы адтуль. Задалі табе гэткіх тэатраў, што, нябось, доўга памятацьмеш. Найграў Гэндрык даволі... Тое самае будзе і ў Скуплях...

— Эх, цудная! Ці-ж можна мерыць усё на адзін капыл!.. Мала-што трапіўся гэткі чалавек, як Гэндрык; а ў іншым месцы іншыя людзі будуць. Бачыш — ці-ж дрэнна было нам у Капліцах? Усе патаварыску жылі, добра меркаваліся і гладка выходзіла. Нябось, думаю, ты-б ахвотна яшчэ там жыла. Тое можа быць і ў Скуплях. К гэтаму яшчэ, Скуплі недалёка ад мястэчка і можна будзе часамі наяжджаць... Так што, галубка, нечага сумаваць, а вось давай зьбірацца...

Акіліна змоўкла і прайшлася па каморцы. Пасьля нявыразным поглядам абвяла па сьценах і ўздыхнула так, што Ладымер Ложка раптам азірнуўся на яе й загарачыўся.

— Нядобра, беднай. Губіць многае, што пакідае горад. Падумаеш, шчасьце вялікае тут. Уздыхае! — прагаварыў ён упічна.

— Шчасьце — ня шчасьце, а вось цягайся з месца на месца, як цыганы. Месяц, калі вярнуліся ў горад, а тут ізноў складайся ды едзь... Якая ў гэтым радасьць. Кідаюць, нібы апуку, з месца на месца...

Якраз на гутарку знадворку ўвайшла маці Акіліны з хлопчыкам, сынком Ладымера і Акіліны Ложкаў.

— Ня хоча йсьці ў хату ды годзе. Жулік гэтакі, — выказала старая, прысядаючы на крэсьле, — так любіць гуляць з дзяцьмі ў садзе, што ня дай ты рады.

— Будзе ўжо яму гуляць. Вось заўтра раніцою трэба зноў ехаць у саўхоз, — адказала Акіліна.

— У які? — зацікавалася маці.

— У Скуплі нейкія, вёрст за пяцьдзесят адгэтуль... Аднекваўся, аднекваўся, і потым згадзіўся. Угаворны занадта.

— А што-ж, дачушка, парадзіш — прыказваюць, служба — трэба выпаўняць... Ды чаго ты так няпрыхільна да гэтага?