Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А таму, што ўсе багацей ад нас: і свой хлеб маюць і назараблялі яшчэ грошы з фурманкамі, а твой бацька праз усю зімку й капейкі меднае не зарабіў... Бачыш, не рамесьнік ён у нас ды й досьціпу няма, непракідкі нікаліва, нізваньня...

Дзеці пераглянуліся паміж сабою, ня ведаючы што казаць.

— Вучы дзяцей бацькі неўважаць! — паднятым голасам выгукнуў Антось да жонкі: — папрабуй ты зарабі... заробіш! Дзе ты тут заробіш! Пэўна, каб быў рамясьніком — та было-бы лепей, але што-ж зрабіць, калі бацькі не наўчылі. Упхнулі ў грабары змалку і мушу цяпер зямлю капаць... Што-ж, зімою не ўкапаеш... Гэта не языком мяньціць... Вось добра, што да вясны працягнулі...

Юстына, праслухаўшы гаспадара, змоўкла й адвярнулася ў вакно: ёй паказалася, што яна дарэмна ўпікнула яго і на гэты раз. „Антось кажа праўду, што ён нявінен у нашым бяздольным жыцьці. Пэўна, суджана ўжо так“, парашыла яна сама з сабою. І ёй стала ніякавата перад гаспадаром, што кожны раз у цяжкім адчаю яна вінаваціць яго за дрэннае становішча ў хаце.

Юстына паглядзела на Антося і, убачыўшы яго пакорліва-маўклівую міну, папікнула сябе за сваю нецярплівасьць перад ім. Разам у яе вынікла спагада да мужа і патрэба папрасіць выбачэньня за рэзкі няпуцёвы напад.

— Ведаеш, Антось, я-ж зусім ня віню цябе. Мне так горна і цяжка на душы, што я мімаволі вазьму й пакрыўджу цябе, — як-бы перапрашаючы, сказала Юстына: — Падумай сам, ці-ж лёгка ўгаварыць дзяцей, ня даўшы ім куска булкі на сьвяты. Яны-ж чакаюць вялікадня, як бога, думаючы, што гэтак, як у людзей, угледзяць і сёе і тое... Ды з боку суседзяў ніякавата зусім: скажуць і на каробку ня маюць.

— Ну, што-ж, ня маем! — адказаў Антось: — тут не вялікая ганьба. Будзе час — будзем мець... А з дзяцьмі — няпраўда— авось заўтра паспрабую растарацца грошы і купім мукі: мо‘ сышчу ў Іцкі за сёньнешні дзень, а то дапазычу ў Ермалая— і зладзім сёе-тое, хоць з большага...

Антось абярнуўся да дзетак, якія заспакоена слухалі бацькаўскую размову, прытуліўшыся каля прыпеку на лаўцы.

— Нічога, малыя, я вам растараюся к вялікадню сяго-таго. Будзе й булка, будзе й парасяціна... Вось прасеце ў мацеры вячэраць ды лажэцеся спаць.

Дзеці палезьлі за стол, а Юстына завінулася каля печы.