Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Лёгкасьць, што рушыла яго з месца, зьмянілася раптоўным цяжарам.

Панкел злаваў на сваё бясьсільле, папракаў сябе і скардзіўся. „Гэтулькі крыві мае пралілі ворагі працоўнага народу, гэтулькі сьлёз ссушылі, гэтулькі мук вытачылі! І я... і я зноў з якіх-колечы там дробных прыватных спраў гатоў здрадзіць вялікай справе рэволюцыі... Разам з здраднікам пайшоў на... Ах, і як-жа ўмела яны, праклятыя, падходзяць да цябе, як сьмякаліста спакушаюць!... Ільготы, спачынак! Уласна знойдзецца ў іх спагада ка мне? Го, ім патрэбны афяры, ім патрэбен разлад у рэволюцыйных радох... У чырвоных радох... Вось з-за чаго яны гэтак „клапоцяцца“ аба мне, аб маіх прыватных справах... Прадажнікі! Злы-ыбедні-кі-ы...“

Думкі зьбілі Панкела спанталыку: ён прыгнуўся, і прыгнуўшыся, таптаўся на адным месцы. Ні страляніна, якая ня сьціхала праз увесь час і нібы ўсё набліжалася, ні здагон не падганялі Панкела. Толькі вецер, мацнеючы штохвілю, чамусьці наганяў на яго нейкую трывогу і сполах. Панкелу чуўся ў яго гудзе загад рушыць з месца і кідацца наўцекі. З кожным ветраным павеем настрой узрастаў, узмацоўваючы рашымасьць і адвагу. „Пушчу-у-ся-а далей на ўце-э-кі-ы!“ — праказаў сам сабе Панкел і толькі намерыўся крануцца, як тут-жа, непадалёчку, пачуў выразную гутарку:

— Шукайма тут — ён ці ня прылёг толькі.

Панкел здрыгануўся ўвесь, выпрастаўся, закружыўся на адным месцы, азірнуўшыся вакол, і кінуўся як мага наўцекі. Вольныя, слабкія ня ўмеру, боты забаўталіся на нагах і гулка зашлёпалі. Груды й няроўнасьці, межы, купіны, што пападаліся пад нагамі, мяшалі яму бегчы.

Але Панкел сьцігаў нацянькі, якраз на міргаючыя далёка смуглыя агеньчыкі, якія нібы прыветна й ласкава манілі яго к сабе... Перш было бегчы лёгка, як-бы сполах з надзеяй уцячы, падганялі яго, але хутка Панкел пачуў утому й цяжар; к гэтаму яшчэ шапка насоўвалася на вочы і мяшала глядзець, а вісеўшы збоку ранец, якога ён шкадаваў кінуць, стукаў па плячох. То шапку, то вінтоўку Панкел час-ад-часу папраўляў. Раптам закалола ў баку і стала душна, да зьнямогі душна. Ён ужо намерыўся нават і спыніцца, але раптам пачуў прасьцерагаючы голас: „Бяжы хутчэй. Нясіся ветрам, ляці віхрам, каб не спазьніцца. На тваім ваччу робіцца вялікая бяда — патрэбна яе спыніць, патрэбна пераняць... Не таміся — бяжы хутчэй, шпарчэй. Яшчэ некалькі патугаў і ты выратуеш становішча, не дасі зрабіцца страшнаму праступку. Бяжы з данясеньнем,