га рэволюцыянэра-народалюбца і адчайнага ворага крыўдзіцеляў працоўнага народу, прабівалася напаверх і патрабавала сабе пачэснага месца ў яго істоце. Разьбіваўшы іх сам ад сябе за кожным прыступам, Панкел зразу перарабляўся і станавіўся бадзёрным, палкім абаронцам рэволюцыі, яе адважным салдатам.
Праўда, чым далей прамінаў час, тым утома ўмацоўвалася ўсё болей і болей, маркотнасьць паглыблялася, і шчырае пачуцьцё рэволюцыянэра-ваякі гасла, зацьмявалася. Казарма й вайсковасьць, вайна й раны, шпіталі й мукі цяжарным каменем ціснулі яго з усіх бакоў. А закраўшыся ў сэрца жуда па роднай сям‘і і кутку пасабляла гэтаму. Ня дзіва, што гэткія абставіны лёгка падгатаўлялі ў ім добрую глебу для ядрага ўзросту ліхому семяні.
На гэтку вось глебу якраз і ўспаў Проў, сумеўшы закінуць у парушаную душу Панкела праступна-завабнае слова. І хоць ня так ужо лёгка гэта яму далося, — Панкел як-ніяк пільна азіраўся вакол, не забываў і другога боку справы, стараючыся падлічыць тыя скуткі, да якіх хіліць зьмена рэволюцыі, — але-ж усё-ткі паддаўся, з натугам, з нутраной барацьбою ды паддаўся. А паддаўшыся, у хуткім часе яму стала рупіць гэта, стала балець. Яго душа раздваілася, і між дзьвюма яе часткамі ўзгарэлася барацьба, якая пачала мучыць Панкела, дратаваць усю яго істоту. Страшныя вобразы-зданьні і мары-выгляды панесьліся перад ім. Панкел раз-за-раз зрабіўся бязмоцнай трэсачкай на ўздыме іхніх бурных хваль, бязвольным і бязмоцным стварэньнем... Вакольная сапраўднасьць зрабілася страшнай выявай. Ім абуяў нейкі нявыразны сполах, і вось-вось гатавалася вырвацца з усіх часьцін яго істоты, пагражаючае злому духу, вырашэньне: кінуць, ня йсьці з Провам, праклясьці тую хвіліну, у якую даў яму сваю згоду... Але якраз на парозе да выяву гэтага рашэньня ўзьнялася якаясьці варожая яму сіла; яна абурыла істоту Панкела, і ён быў бязвольным, пакорным у яе абдыме і пад яе ўказку сказаў-пастанавіў: „Няхай будзе, як будзе, а калі ўжо парашыў — ня буду адступаць. Я-ж усё-ткі не адзін ды й не ануча“. Пасьля некалькіх пераказаў рашэньня гэтага Панкел спыніўся на ім, супакоіўся, агарнуўся коўдраю ды соладка-соладка заснуў, бы забіты...
V.
Назаўтра — ня гледзячы на тое, што позна заснуў, Панкел прачнуўся адзін з першых і адчуваў сябе нішто, нават бадзёра.
Хваля казарменнага жыцьця абдала яго ўсяго і ўсяго захліснула. Гарбата, праверка, прыбраньне, сход і інш. — нішто не прайшло паўз Панкела, каб не зацікавіць яго. Нават, па-