ВЯЛІКОДНАЯ КАРОБКА.
У чысты чацьвер, калі Антось Ступа вярнуўся дамоў з падзённае работы ад Іцкі, у якога ён гарадзіў платы, двое дзетак яго, Сёмка і Прузя, спаткалі на вуліцы і, ухапіўшы бацьку за полы, у адзін голас запыталі:
— Татачка, родненькі, ці вы купіце мукі на пірагі і парасятка? Ужо ўсе сёньнека нясьлі з места і парасят і муку, а наша мама нічога ня купіла.
Антось Ступа паглядзеў на бледых замурзаных дзетак, пагладзіў кожнага з іх і суцешна адказаў:
— Купім і мы, мае вы блазноткі, і мукі і парасятка. Справім каробку.
Дзеткі задаволена папляскалі ў далоні, весела зарагаталі і ўперадзе бацькі пабеглі ў хату.
— Мама, мамачка, — крычаў першым Сёмка, падбегшы да мацеры, якая ў сумным настроі сядзела каля мыцельнікавага вакна, думаючы аб нечым:
— Вось ідзе татка з Сёмкам — залепятала Зоська: — ён казаў нам, што й мы купім і мукі на пірагі і парасятка. Папрасеце, мамачка, каб ён хутчэй гэта зрабіў.
Маці — Юстына, бледая, шчупленькая маладзіца, роўнадушна акінула дзетак поглядам, колькі хвілін, памаўчала, даўшы Антосю прысесьці ў запечку, пасьля гняўліва вымавіла ні то да яго, ні то да дзяцей:
— Плявузгае ліха ведае што. Дражніць дзяцей, на яго цураха. А грошы, бадай, ня прынёс ад Іцкі, каб хаця хлеба купіць к сьвяту, бо ўжо толькі акрайчык на стале… Няхай ужо людзі спраўляюць каробкі, а мы… пражывём сьвяты і так… Доля ўжо гэткая.
Пакуль Юстына казала гэта, дзеткі дапытлівымі ўзрокамі вадзілі ад бацькі да мацеры і зьдзіўлена пераглядаліся паміж сабою. Калі-ж маці змаўчала, Сёмка ўпічна праказаў:
— А чаму-ж у ва ўсіх будзе каробка, а ў нас не?