заплюшчваў вочы і храпеў-храпеў. І хто ведае, колькі-б гэтак Панкел прабавіў часу, каб ня зычны, нечаканы стрэл за вакном, зроблены мабыць па неасьцярозе вартаўнічым.
Панкел раптам ускочыў з пасьцелі, вылупіў вочы, сюды-туды кінуў узрок і праказаў, крыху супакоіўшыся:
— Што за трасца! Няўжо гэта вораг падыйшоў к Быстранцы? — і каб усё-ткі праканацца, ён падбег к вакну і паглядзеў на двор. Густая цемра паўднёвай зімовай ночы ахутала яго; толькі прамень, цягнучыся доўгаю палоскаю ад вакна, расьсякаў яе, кладучыся на брудную ад гною зямлю і дастаючы сваімі канцамі пахіленага шастаколу пустога саду.
Панкел сьмела адвярнуўся ад вакна на казарму, у якой з грамады жартуючах чырвонаармейцаў ніводзін нат‘ і не зьвярнуў увагі на стрэл. Гэта Панкела супакоіла, і ён паважна вярнуўся да койкі, пацягнуўся над ёю соладка і зноў разьлёгся...
Але ўжо заснуць ня мог: утома мінула, а сон ня меў сілы збароць вакольнага шуму ў казарме. Аднак, Панкел усё-ж не хацеў уставаць, сілячыся ляжаць нярухома, абдумоўваючы наступнае. Яму памяшаў Проў. Скончыўшы свае справы на станцыі, Проў вярнуўся ў казарму. Ён быў вясёлы і задаволены. Аб яго задуме ведаў тут толькі Панкел, з якім Прову няйначай трэ‘ было сягоньня-ж пагутарыць аб прадстаячай справе. Пераступіўшы парог часовай казармы гімназіі, Проў раптам пакіраваў да Панкела. Падышоўшы, ён перш не адважваўся яго зачапіць, думаючы, шчо Панкел сьпіць, і крыху пачакаў, ласкава гледзячы яму ў твар. Потым рашыўся і крануў Панкела за руку. Панкел мігам расплюшчыў вочы і глянуў у твар Прова.
— Ня сьпіш, Панкел? — запытаў Проў з лёгкаю ўсьмешкаю.
— Дагэтуль спаў ды стрэл абудзіў, — адказаў спакойна Панкел, паднімаючыся і садзячыся.
— Які стрэл? — зьдзівіўся Проў.
— Ды вось тут, пад вакном: вартавы па неасьцярозе мабыць стрэліў.
— Ну, і што?
— Нічога.
— Ага!... — Проў крыху падумаў. — Ведаеш, Панкел, я хацеў-бы з табою пагутарыць аб сім-аб-тым, — запрапанаваў ён.
— Ну, добра! Гэта не мяшае. Я таксама чакаў вас для гэтага, — згадзіўся Панкел.
Проў усеўся поруч з Панкелам, нахінуў да яго голаў і, крыху падумаўшы, сказаў:
— Ну, дык як-жа ты, Панкел, парашыў з нашаю справаю?