Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Адзін другога вастрэй, адзін другога іранічней выкідалі таварышы словы і пускалі іх у Панкела, стараючыся ажывіць і дастаць ад яго адказ. Але мэты яны не дасягалі. Панкел ляжаў і маўчаў. І толькі, дзякуючы рэзкаму сьвісту цягніка, які вяшчаў аб прыбліжэньні станцыі, заставіў Панкела падняцца і сесьці.

— Ці-ж ужо прыехалі? — неахвотна праз зубы праказаў ён, зьвярнуўшыся ні-то да самога сябе, ні-то да таварышоў, і пачаў пазяхаць, пацягвацца і крактаць.

У гэты час некаторыя з чырвонаармейцаў, пасьпеўшы сабрацца, завіхнуліся йзноў вакол гутаркі з Панкелам, а другія яшчэ зьбіраліся і не зьвярталі на яго ўвагі.

— Яшчэ з пару прыдзецца ехаць, — пасьмяяўся адзін.

— Бо мы-ж едзем без перасядкі ў Растоў, — дадаў другі.

Цэлы шэраг другіх не заставаўся ў даўгу.

Панкел не шманаў: ён пачуў, што поезд збавіў ход, і моўчкі зьлез з палатак ды прыняўся агледжваць свой куфэрак.

IV.

Многа часу не патрабавалася для таго, каб разьмясьціцца войску ў адведзеных для яго на станцыі Быстраўцы памяшканьнях, але ўсё-ткі, пакуль гэта пасьпелі зрабіць, мінула болей пяцёх гадзін. Дзень быў зьмінтрэжан цалкам.

Панкелу, як на тое ўжо йшло, і тут выпала месца ўблізку ад Прова (вядома — Проў пастараўся для гэтага). Толькі яны выгрузіліся з вагонаў, ён увесь час сачыў за Панкелам, і няпрыметна для Панкела апынуўся ў іх партыі, разьмешчанай у будынку быўшай Мар‘інскай гімназіі.

А зрабіўшы гэта, Проў з першае хвілі пачаў меркаваць на тое, каб выбраць зручны выпадак пагутарыць з Панкелам, абудзіць у ім астыўшую цікавасьць да надыходзячай авантуры і ня даць яму перадумаць. Проў нават пачаў пабайвацца, бачачы зьменнасьць у Панкела, і дрэнчыў хутчэй абламзаць яго з галавою.

Але гэтае асьцярогі не патрабавалася; здарэньні шанцавалі Прову: у Панкела, на дзіва хутка, насьпела новая зьмена, якая вярнула яго да настрою часоў гутаркі з Провам на месцы. Казармскае паветра, абставіны казарменнага абыходу раптам нахлынулі на яго і сагналі повеў дарожнага ўражаньня... Панкел, прымеціўшы ўблізку да сябе Прова, зарупіўся аднавіць з ім гутарку. І нават недаволіўся, калі час бег, а гэта не ўдавалася зрабіць, бо Проў перш нудзіўся з цэлую гадзіну на адзіноце, а потым, з вечара да самае поўначы, лётаў, як шалёны, з памяшканьня ў памяшканьне, чагосьці шукаючы між чыр-