ных гутарак з Провам, насуленых ім плянаў і рашэньняў, якія прынясе яму фронт, а Проў ня лічыў патрэбным пакуль-што падгарачваць Панкела сваім настойным дапамінам: ён быў пераконаны, што яго агітацыя ня пройдзе дарма, што скуткі яе глыбока сядзяць у Панкелавай душы, і варта толькі ў любы час да іх дакрануцца, як яны абудзяцца. За гэта Проў быў спакоен.
І абудва з іх бачылі ў часовай чэрствасьці сваіх адносін звычайнае зьявішча.
Праўда, Панкел часта-густа, адыходзячы ад месца стрэчы з Провам, міжвольна задумоўваўся, няпрыметна азіраўся і недавольна казаў:
— І напрэцца ён заўсёды на мяне, ліха на яго!
Так няпрыметна мінаў час, так няпрыметна праляцеў і ўвесь тэрмін дарогі.
І калі эшалон прабягаў апошні прагон, Панкела ахапіў нейкі трывожны настрой, яму якасьці ня верылася, што ўжо яны хутка прыедуць на месца; мігала хаценьне, каб час расьцягнуўся яшчэ надалей, каб сама язда прадоўжылася.
Панкел стараўся адганяць думкі аб тым, што вось-вось яны прыедуць, спыняцца і пачнуць выгружацца; ёй нярухома ляжаў на палку вагону і не зварочваў ніякай увагі на рухавасьць заклапочных таварышоў.
Гэта яго паказная й натужная нядбайнасьць нават зьвярнула на сябе ўвагу некаторых яго таварышоў, якія клапатліва і нэрвова забегалі па вагоне, зьбіраючы рэчы, скручваючы шынэлі і аглядаючы вінтоўкі.
— Ну, а ты-ж як, Панкел? Так і ня думаеш вылазіць на Быстраўцы? — зьдзіўлена пытаў яго сусед, азіраючыся на Панкела.
— А ён паедзе проста, праз фронт, да дэнікінцаў у госьці, — падказаў другі, усьміхнуўшыся
— Што-ж за дзіва! — дадаў трэці, — бач, Панкел і родам з дэнікіншчыны.
Панкел маўчаў, нібы ні аб ім зусім і гутарка йшла. „Няхай баўтаюць, што хочуць,“ падумаў ён, „языка не адрэжаш або ня прывяжаш к зубам...“ І сам адвярнуўся да сьценкі.
А таварышы ня ўнімаліся: жартавалі, падсьмейваліся за яго спакой і нядбайнасьць да ўсяго. Далей-болей — і чуць ня ўвесь вагон загутарыў аб Панкеле.
— Штосьці наш Панкел занурыўся сёньнека. Ці не каханую колішнюю толькі сьніў?
— Як ня журыцца — гарачая справа на носе... Тут ужо не аб каханых ходзіць...
— Яно-б ехаць ды ехаць, а то раптам, глядзіш, і злазіць прыходзіцца.