зробяцца сур‘ёзнымі, парывіста ўсе замахаюць рукамі, паціснуцца ўперад, потым пасьпяшаць у вагоны і патрабуюць хуткай адпраўкі ў бойку... Яго, Панкела, будуць насіць на руках, гайдаць, гукаць, каб ён быў іх правадыром. „Эх, даехаць-бы хутчэй да ўмоўленай астаноўкі“ — у такт стуку калёс пераказваў сам сабе Панкел...
Нарэшце дачакаўся — прыехалі. Поезд спыніўся... Панкел першым выбег на станцыю, паглядзеў ва ўсе бакі, каб злавіць камісара і адчыніць мітынг, але — прымха — ды годзе! — камісара вызвалі на перагаворы к простаму проваду, дзе ён прабыў увесь час астаноўкі, не пасьпеўшы адказаць на прывітаньне і падарунак сьцягу прыйшоўшай на станцыю вярстоў за дзесяць рабочай маніфэстацыі.
Панкел абурыўся ад злосьці, зажурыўся і хацеў ужо пасылаць праклёны і камісару, і камандзіру, і начальніку станцыі. „Як-то яны мелі права так зрабіць? Чаму разьбілі яго пляны? Гэта знарок, сумысьля?" Але на хвілю спыніўся, падумаў і супакоіўся. „Што-ж! Нічога ня зробіш! Прыдзецца пакінуць на другі раз. Усёроўна яшчэ пасьпею сказаць!?“ і хоць бадзёрасьць крыху апала, усё-ткі далёка было да суму, да жуды. Ня ўплыло й гэта на Панкела і ў сэнсе пахілу яго думак да Прова.
Зусім не!
Праз два дні Панкел, седзячы ў другім вагоне, нават і не сустракаўся з ім. Калі бачыў здалёк, то спакойна прапускаў між ваччу. Неяк абуднілася ўсё й пасумнела перад нахлынуўшым пачуцьцём рэволюцыйнага настрою. Толькі на трэці дзень з часу ад‘езду з гораду на фронт, а назаўтра пасьля таго, калі Панкелу памяшала казаць прамову, Проў на аднэй станцыі падбег да яго, хапіў за палу шынэлі і спыніў. Проў быў задуменным і ня прымеціў нездаволенай міны Панкела, які не хацеў нізашто спаткацца ў гэты момант з ім.
— Штосьці цябе й не злавіць, братка? — суха праказаў Проў.
Панкел крануўся йсьці.
— Чаго-ж уцякаеш так хутка? — запытаўшыся, дадаў ён.
— Сьпяшаю... Вось хіба ўбачымся з вамі і пагутарым на месцы, — нядбайна адказаў Панкел і крута, недалікатна нават павярнуў ад Прова. Гэты скрывіўся, пагрозна матнуў рукою і пабег па сваіх справах.
Пасьля гэтага выпадку яны яшчэ пару раз спатыкаліся на станцыях, у гушчы таварышоў, але абміналі адзін другога і, нібы чужыя, разыходзіліся, не абмовіўшыся словам. Панкел не спрабаваў вызываць з нутра душы маўклівыя перажыткі нядаў-