Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

седніх мястэчак ці местаў, шмат дамешаныя сялянамі сумежных вёсак з чырвонымі сьцягамі, пяючы песьні пад медныя зыкі музыкі.

Стройна падбліжалася маніфэстацыя да вагонаў іх эшалону, спынялася й адчыняла мітынг. Чырвонаармейцы траха ня ўсе выбягалі з вагонаў і грудзіліся ў грамаду, а болей нярухомыя й гультайныя зьбіраліся ў дзьвярох вагонаў і настарожваліся ўбачыць і пачуць, што будзе рабіцца і гаварыцца. І бачылі, як кожны раз з гушчы прышоўшых да іх на спатканьне выходзілі адзін-другі прадстаўнікі, якія аддзяляліся з грамады і пачыналі свае прамовы. Гаварылі нядоўга, але ўсе прызыўна, завуча, бадзёрачы, настройваючы ваякаў на самаафяру ў імя рэволюцыі. Таксама пачарзе вызываліся разьвітнейшыя й разьвейшыя з чырвонаармейцаў адказваць на прывітаньні, гэтак і адказныя прамовы выказваліся ў простай, зразумелай, ад душы шчырай мове, праводзячыся пекнымі наіграмі музыкі.

Праз усю дарогу Панкел быў у гэткім паднятым настрою, што з надзвычайнаю цікаўнасьцю лавіў кожнае слова прамоўцаў, дапускаў іх да сэрца і салодка, ваяўніча адчуваў сваё пачуцьцё ў іх.

На адзін з чародных мітынгаў Панкел нават сам папрасіў у камісара сказаць невялічкую, але моцную, гарачую прамову і, дастаўшы згоду, зразу-ж пачаў гатавацца к выступу. Скляпеньне, форма прамовы, у яго галаве злажылася паміж яго патугі, сама сабою, і на перагоне Панкел стараўся яе абгладжваць. Кожную думку, кожнае слова ён разьбіраў з усіх бакоў, перастаўляў з месца на месца, чарадаваў з другімі, падмяняў, дапасоўваў мацнейшае па ўкладзенай у яго сіле пачуцьця да слабейшага. Сваю прамову Панкел кіраваў на адну мэту, намерваўся зьбіць ёю адну цэль: бадзёрым і магутным пазывам запаліць у сваіх таварышоў смагу беспагаднай помсты да ворагаў працоўнага народу, да нішчыцеляў волі беднага, прыгнеценага люду. Стараўся ўлажыць у душу чырвонаармейцаў жалезную ўпартасьць і загартаваць волю да рашучай перамогі над ворагам. Усё, што адцягвае думкі ад гэтага сьвятога дзела, што сваёю самотнаю дробязьзю засмучае сэрца, наганяе жуду і адбівае надзею, Панкел мусіў зганіць і зьвесьці на нічога, задушыць. „Толькі йсьці ўперад, як ішоў я й дагэтуль“.

Хутка Панкел нашчэнт быў захоплен думкамі аб сваім выступе перад таварышамі. Патрошку ўражаньні яго пачалі маляваць вобразы розных момантаў з руху грамады, які станецца пад уплывам яго слоў. Вось у адзін момант твары ўсіх