дзінец. Увіхаўся, нібы сьпяшучы на цікаўны баль, ці ў госьці да прыяцеля; чуў у сабе, як і бывала, з маладых гадоў, вострую цікавасьць да людзей, з якіх усе тыя, што мігалі перад яго вачмі, былі па душы, здавалася яму, блізкімі і мілымі. А Проў, дык той зусім захапіў яго сваёй таемнасьцю, так захапіў, што вымушаў яго сачыць за сваёю бегатнёю па казарме, настарожвацца чутка да кожнага яго слова. Натыркаючыся на Прова, Панкел ухмыляўся прыемнаю і мяккаю ўхмылкаю, якая казала Прову: „А я ўсё-ткі шаную цябе“. Проў выразна вычытваў гэтыя словы, ведаў, што іх пісаў настрой душы Панкела і, здаволены, паказваў выгляд, што адказвае яму тым-жа самым. Толькі выпадкова яны ня стрэліся ў той дзень ды душа ў душу не пагутарылі.
Панкел да таго аддаўся збору на фронт, да таго захадзіўся цікавасьцю блізкага паходу, што цалкам увайшоў у яго рух, клапатлівасьць, у яго баявую трывожнасьць. Ён пачаў злаваць, бачачы, як многія з таварышоў чырвонаармейцаў нядбайна, гультаявата і марудна зьбіраюцца; дваіх нават упікнуў за іх знарочытую маруднасьць.
— Вы-ж на сходзе гэтак голасна гукалі: „Памрэм ахвотна! Хоць сёньня на фронт!“ — прыпомніў ім Панкел, каб балючай уразіць іх.
Затое, калі ўсе выйшлі на двор, пастроіліся ў роўную шарэнгу, ён радасна ўздыхнуў і лёгка павярнуўся направа, першым зрабіўшы цьвёрды і ўпэўнены крок у вароты.
III.
На фронт Панкелу са сваёю часьцю прышлося ехаць болей пяцёх дзён. Але, ня гледзячы на гэту доўгую дарогу, ён ня нудзіўся і не стамляўся, а, наадварот, быў бадзёрым і жвавым. Усё яго так востра цікавіла, ажно Панкел цешыў сябе раз-по-разу: „Ніколі, здаецца, ня было так весела“. А калі глядзеў на ўсіх, то, здавалася яму, што ўсе падмячаюць гэты яго настрой.
Увесь час язды стаяла мяккая, сонечная пагода: сіняе неба бяскрайным полагам вісела нярухома над зямлёю і, здаецца, адбівала ў сваёй сіні апустошанае поле і галеючы лес. У чыстым паветры занадта гучнымі паказваліся Крыкі варон і шпакоў.
Праз усю дарогу іх поезд спыняўся толькі на буйных станцыях. Ён ішоў ня надта сьпешна, неяк нібы гультайна, марудна, ажно Панкелу хацелася яго падапхнуць, пагнаць. На кожнай станцыі, нібы заўчасна было ўмоўлена, так акуратна, і парадкам іх сустракалі рабочыя й служачыя станцыяў і су-