Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

балючае, залезшае яму ў нутро і скрабаўшае за самае ценькае і каразьлівае месца.

Няўрымна, назойліва гняло яно Панкела, дражніла, шпігавала дрыготным сьвербам: „Як тут рабіць? Куды схіліцца? На фронт і за Провам? На фронт і таксама да забыўнасьці, шчыра і верна нясьці сваю службу, як і ўперад? Куды пахіліцца? Дзе чакае мяне лепшы лёс? Не разьбяруся — ды годзе! Не растлумачу сам сабе! Зайшоў у гэткі куток, хоць задушыся — ды годзе... Не, трэба аддацца на волю лёсу, на хвалі жыцьця“... Махнуў упэўнена рукою Панкел і нібы гэта яго крыху супакоіла. Але зараз-жа ў галаве яго запанавала кіруючая думка: „На фронт!“

„На фронт!“ — у гэтым сыходзілася ўся агульнасьць, злучаная з пераменаю абставін, з узбурэньнем новых думак і пачуцьця разьбітае, надарванае самотнасьці. „На фронт!“ — перш няясна, украдчыва, неадметна варушылася дзесьці на задворках Панкелавай душы, а потым усё жывей, выразьней, назойлівей высоўвалася напаверх новае пачуцьцё, ад якога нельга было адкасацца.

І Панкел стаў чакаць таго моманту, калі да вушшу яго кранецца пазыў-вокліч: „Зьбірайся ў паход!“

Чаканьні заўсёды ўздоўжваюць час, робяць яго цяжкім і з гэтым козлытна-цікаўным: хочацца дачакацца хутчэй, а на краю спатканьня з дачаканым — ужо хочацца расьцягнуць час выпаўненьня чаканьняў...

Панкелу прышлося чакаць пяць дзён. Для яго гэты час здаваўся вельмі доўгім, калі ён пераносіўся думкаю да апошняга дню, а ўжо на пяты дзень Панкел мог выліць сваё пачуцьцё ў словах: „Як хутка праляцела!“ І, азірнуўшыся назад, ён убачыў, што гэтыя пяць дзён перабыліся (бо куды там было да жыцьця!) на адзіноце, воддаль ад таварышоў, бяз стрэчы на‘т з бліжэйшымі з іх. І гэта было таму, што Панкелам валадала нейкая бясьцікаўнасьць да ўсяго, апроч фронту, з туманным выразам яго; ім валадаў такі настрой адчаю, што хацелася ўсяму сьвету гукнуць: „Для мяне цяпер ты не патрэбен!“ — каб адкасацца і маўчаць-маўчаць...

Пры гэткім настрою, зусім зразумела, што Панкел на ўсе замеры Прова пагутарыць з ім, адказваў хлусьнёю, што нібы яму нямашака часу, або баліць галава, ці ня добра на сэрцы.

Але ў гэтыя дні, калі ўвесь сьвет быў чужы для Панкела, блізкі паход на фронт вызначаў многія самотныя яго інтарэсы. Так, Панкел загадзя старанна сабраў свае рэчы, раскіданыя і на гваздох у слупе, і на койцы пад падушкаю, і пад койкаю; пасартаваў іх па іх вартасьці і карыснасьці для сябе, і акуратна