больш нічога... Тады-б я зноў гадзіўся на справу, маўчаў-бы, слухаў і выпаўняў-бы прыказы... Хоць яно-то й супачынку дужа хочацца; чалавек ня сталь — ня можа трываць бясконца, ну... Але то няхай сабе, вось яшчэ мо‘ як пратрымаўся-б... толькі сямейка, дачушка, хата... Дзе і што яны? Без капейкі грошы пакінуты... Ах, канчатку няма ні гэтай вайне-завірусе, ні гэтым фронтам паганым, ні...
Па твары Панкела бегалі балючыя сударгі, мяняючы свае абрысы за кожным словам; голасна праводзіў іх востры скрыгат зубоў і адчайны выверт рук.
Проў пільна сачыў за выразам твару Панкела і пацяшаючыся ўнутры, думаў; „Вось яшчэ адзін... Гэта паказвае, што ўжо ёсьць глеба, гатова... Ды чаму-ж ня быць? Стаміліся людзі, заезьдзілі іх уканец бальшавікі... Затое і іхнія скрэпы пачалі трашчэць... Можна цяперака арудаваць з посьпехам... латва... Вось на заўтрашняй рахубе трэба будзе абрадзіць усё і брацца за справу стараньней... Толькі пагнуць у гэты бок... як належыць...
— Слухай, Панкел, а давай паспробуем зрабіць так, каб нам зусім не ваяваць, добра? — асьцярожна парадзіў Проў.
— А ласьне гэта можна зрабіць? — зацікавіўся Панкел, нібы акрыяўшы ад нейкага сполаху.
— Гм! Як зрабіць? — Проў агледзеўся вакол па казарме; гэта зрабіў і Панкел.
— А вось... — пачаў ізноў Проў, — на фронт пойдзем ахвотна, паслушна, а па дарозе — давай падгутарым чырвонаармейцаў, і як прыдзе да бойкі — уцяком з часьці, здамося ў палон: „Бярэце нас! Здаёмся!" крыкнем і перабягом да казакоў... усе, палком, гуртам... А там, а там у іх і адпачынем... У іх усяго ёсьць і мы ўдостач пад‘ямо... Га, Панкел, згодзен ты на гэта?
— А ці-ж можна так? — перапалохана запытаў Панкел.
— Вось, цудны які, а чаму-ж не? Хіба ты мне ня верыш?
Панкел задумаўся.
— Н-не-э, ведаеце, цяжка і... страшна здавацца ў палон. Ды й брыдка, непачэсна-а... Гэта провокатарства, здрада. Усе будуць пальцам тыкаць: „Здраднікі, прадаўцы“, — скажуць. А што дастанеш за гэта? Ласьне пахваляць за гэта нашы ворагі? І дадуць якія-кольвечы прывілеі?
— Го, браток, ня думай благога... Не ашукаешся; хто да казакоў пераходзіць — даюць таму ўсякія палёгкі... Ды што казаць! Там народ — ня нашаму раўня! Далікатныя, паністыя ўсё... Ведае, што рабіць і як абыходзіцца. Усе вучоныя, разумнікі... Там, у казакоў, зусім інакш нашага... Кінь, браток, верыць бальшавіком! Брэшуць яны, ня болей.