Сідор, як стаяў моўчкі, так раптам заварушыўся па месцы і ад злосьці закрычаў:
— Пляваць я хачу на ўсіх і разам н-на... Не пераарыштоўваеце ўсіх — нарвяцеся зараз... „Усе ведаюць!“ Хай ведаюць! Я сам не таюся, што я кроўны вораг бальшавікоў... Ненавіджу іх, як... Гэта — барбары! Яны зглумілі ўсё багацьце краю, разьбілі душу сьвядомаму чалавеку! Яны... — ён запнуўся й зрабіў колькі крокаў па хаце. — Я лічу абразаю, што мая сястра мае мужам бальшавіка... Так! І я кажу ёй: кінь, каб не паскудзіць нашага роду...
— Так?! — Юрка разьняў рукі й наскакам падбег да Сідора. — Вон! Вон, панскі агэнт! Ты што гэта? Прыехаў бясчэсьціць маю хату й маё імя? Вон! Ягомасьць тут знайшоўся! Душу яго разьбілі!.. Голаў разьбіць мала... Вон, каб і нага твая ня была тут!
Бачачы мужа ў гэткім гнеўным настроі, Юста ня брала сабе ўглузд, што тут чаўпецца, і перш, вытарашчыўшы вочы, глядзела на абодвых, а пасьля кінулася ўцішаць Юрку, крычучы:
— Што ты робіш, вар‘ят? Што ты робіш? Не сарамаці людзей! Завошта-а ты наваліўся на яго?... Ці ты маеш розум?
А Юрка крычаў:
— Вон! Абаіх вас паганю! Мне не патрэбна вашага шляхецтва... Калом яно мне вылезла за сорак гадоў. Годзе!.. Прэч з дорогі! Я — бальшавік і ня выношу жаднага панста. Вон, вон! Ня выйду з хаты, пакуль гэты ягомасьць ня выправадзіцца...
Праходжыя вуліцаю застаноўліваліся перад хатаю... Крык і лямант цягнуўся з гадзіну. Юрка не здаваўся і гнаў Сідора з хаты. Юста абараняла брата, то ўпрашвала яго выйсьці на час да знаёмых. Сідор-жа „прынцыпова“ лаяў бальшавікоў і швагра. Але, лаючы Юрку, ён ужо ня думаў ні аб чым добрым. Гэтыя тры дні, якія ён пасьпеў пражыць у мястэчку, зрабіліся яму годам — ды годам ня простага жыцьця, а балючых мукаў разувер‘я, ашаломленасьці зьменамі таварышоў і страхам перад пагалоўным захопам жыхарства ненавісным яму бальшавіцтвам. Усё гэта так знэрвавала яго, так стузала, што ён увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка й нявыносна ў вікураўскіх абставінах. Звакол і зусюды глядзелі на яго тысячы вочаў атручваючага страху, тысячамі галасоў зьвінелі ў яго вушшу. Перад ім стаяў Юрка, а Сідору здавалася, што гэта — ажыўленае бальшавіцтва, якое вось-вось сьцісьне яго сваімі рукамі й задавіць. І калі ён спрачаўся й лаяўся з Юркам — то гэта толькі, каб не маўчаць. Каб не маўчаць, бо гэтаму супярэчыла ўся яго істота. Трэба было шмат здарэньняў, многа