— Таму, што бальшавікі — гэта разбойнікі й згубіцелі. І твой Юрка — таксама... Ён бальшавік — і ты не павінна, жывучы з ім, ганьбіць наша котлішча...
Сідор, выказаўшы гэта, прыстукнуў нагою, нібы павеляваючы сястры выпаўніць яго раду. Юста ня ведала, што адказваць, і моўчкі пытальным поглядам сачыла на сур‘ёзна выглядаўшага брата. З яе рук выпала мешалка, стукнуўшыся аб цэбар, але Юста не заўважыла гэтага. Таксама не заўважыла яна й таго, што надварэ цямнела, і ў хаце па куткох пачаў туліцца змрок. Наогул, Юста была ашаломлена братавымі словамі й ня ведала, чым на іх адказваць...
Ёй памог выйсьці з гэтага становішча Юрка які з прычыны перарыву нарады наведваў хату. Няпрыметна для яе й Сідора, ён прайшоў у двор і, апынуўшыся на парозе, стукнуў сенешнімі дзьвярамі. Сідор хутка перамяніў устой, а Юста, нібы ачнулася, хапілася за мешалку й пачала мяшаць цэбры.
— Ты яшчэ не падала паранкі? — запытаў Юрка, увайшоўшы ў хату.
— Не падала, не падала! Муштраваць толькі любіш, а сам, як той валацуга, цалюткі дзень бадзяецца бяз нічога... Да сэрца вельмі даліся табе гэтыя бальшавікі! Ня вылазіць з іспалкому. Ці-ж то ёсьць лад? — скорамоўна, трымаючы мешалку ў руках, залепятала Юста. Пакіне ўсё ў хаце, хоць захлыніся адна, а сам у аратары ходзіць... Трэба вельмі табе людзей пасьмяшаць?!.. І так жанкі вочы дзяруць з-за цябе... Хапіла-б і без цябе бальшавікоў... Чаго табе лезьці?
Юрка, зрабіўшы сур‘ёзную міну на твары, даў выгаварыцца жонцы, а пасьля спакойна, але цьвёрдым голасам адказаў:
— А цябе мо‘ гэтыя жанкі й вучаць брахаць вось так? Ведаю я, хто гэтыя твае жанкі! Мікуліха да Дзежыха якая. Не падабаецца ім Савецкі лад — вядома. І гонар апаў і павага мінулася. Сыны паўцякалі ў Польшчу, дык думалі прасіцьмуць іх зьвярнуцца, а тут яшчэ забаранілі... Не глядзі на іх — свой розум мей!
Юста ня ўнімалася.
— Ня трэба мне больш таго, што я маю... Хай ужо ў цябе занадты розум, каб ён табе высах! Аж брыдка робіцца... Вось праўду кажа Сідор, што ты род наш ганьбуеш сваім бальшавіцтвам? Навошта яно табе?..
— Сідор кажа-а? — раззлавана выгукнуў Юрка, — Ссі-ы-дор?! Я ведаю, што Сідор... Чуў ужо я пра твайго Сідора! Ходзяць ужо чуткі па мястэчку й за мястэчкам... Прыехаў сюды настаўніцтва бунтаваць... Вось ужо даведаліся аб ім! Толькі мне ўвага... Сідо-ор ёй кажа!