Яны прайшлі рынак і спыніліся пры вахадзе ў вуліцу. Паўлюк з шулаўцамі прыпыніліся.
— Можа вечарам яшчэ наведаем у іспалком? Яшчэ шмат пытаньняў абгаварвацьмуць... Цікава пачуць, як будзе абгаварвацца школьная справа! — выказаў Паўлюк да Сідора.
— Не, не пайду! — суха адказаў Сідор.
— Чаму? Мы зойдзем...
— Нічога не паможам! Запраўднае гняздо бальшавікоў... Усе, усе атручаны ім...
Забыўшыся разьвітацца, Сідор пайшоў на кватэру. Паўлюк з другімі вярнуліся назад.
VIII.
Увайшоўшы ў хату, Сідор застаў дома сястру. Яна мяшала гавядам цэбры, і калі Сідор прачыніў дзьверы, кінула работу й зьвярнулася да брата з запытаньнем:
— З іспалкому прыйшоў, Сідорка?
— З іспалкому.
— Што-ж там чулі добрага?..
Сідор нейкі час памаўчаў, пасьля сур‘ёзна з прыціскам адказаў:
— Пачуеш?! Ведама ўжо, што ў іспалкомах пачуеш!.. Твайго Юрку чуў... Дастала цацку...
— Чаму?... — зьдзіўлена запытала Юста.
— Чаму?... Вунь расьпінаецца на ўвесь іспалком. Такі аратар, што хоць ты...
— За бальшавікоў ці супроць?
— Супроць! Навучыла-ж ты яго супроць!
— Ай, ай! І чаго яму трэба лезьці... божа мой!.. На яго хвароба, на яго! — завяла Юста. — Дык ты-ж паверыш, Сідорка, я й сама ня ведаю, што з ім рабіць... Вось да таго ўкляпаўся ў бальшавіцтва, што жыцьця няма... Стары чалавек...
— Табе кінуць трэба яго! — адсек Сідор.
Гэта пропозыцыя азадачыла Юсту. „Кінуць!“—то ўжо пераходзіла ўсю яе злосьць на мужа й глядзела ёй у вочы чымсьці незьясьнёна-страшным. Яна разумела пасвойму шкадлівасьць таго, што Юрка ўмешваецца ў бальшавіцкія справы, але гэта шкадлівасьць не надаўміла ёй ні разу паставіць сабе рубам пытаньне аб адносінах з мужам. А тут раптам чуе гэткую раду ад брата. То, пэўна, нешта нейкае ўжо сталася з Юркам. Сідор-жа не павінен жыў-здароў яе палохаць.
— Сідорка, чаму ты так кажаш? — баязьліва запытала брата Юста.