Тыя паглядзелі ў вакно.
— Так, так! Пэўна, што тут быў. Давайце дагонім, — запрапанавала Варвара.
— Давайце, чаго далей слухаць! — згадзіўся Паўлюк. Пяцёра іх —Паўлюк, Мірон, Варвара і двое з дэлегатаў: настаўнік з вёскі Шула і лясьнічы з Шулаўскага лясьніцтва — таўхаючыся, праціснуліся да дзьвярэй і выйшлі з іспалкому. Сідор з Марыляю ўжо падыходзілі да ўзгрудку на рынку.
— Гукні! — падаў Мірон Паўлюку.
Той стуліў пры губах рукі й гукнуў:
Сі-ы-до-ор-р!!
Сідор з Марыляю абярнуліся й пасталі.
Праз пяць ці шэсьць хвілін да іх падышлі Паўлюк з кампаніяй.
— Ну, дзе-ж былі, Сідор Гарасімыч? — запытаў Паўлюк Сідора, вітаючыся з ім і знаёмячы яго з шулаўцамі.
— Дзе быў? Пэўна там, дзе й вы...
— А вы ў іспалкоме былі? — перабіла Марыля.
— Вядома што! Вось угледзелі вас праз вакно і выйшлі... Чакалі-чакалі і думалі, што вас там ня будзе, — рэзва адмовіла Варвара.
Гаворачы, яны ўсе разам кранулі йсьці.
— Куды-ж цяпер, Сідор Гарасімыч? — крыху прайшоўшы, запытаў Паўлюк.
— Трэба на кватэру, — адказаў Сідор.
— А вечарам ня думаеце нікуды?
— Ня ведаю...
Прайшоўшы яшчэ з гоні ўсе разам, далей яны разьбіліся на двое й пайшлі паасобку ў розныя бакі: Мірон з дзяўчатамі, а Сідор з Паўлюком і шулаўцамі.
— Ну, як вам? Бачыце, вось якія мужыкі! Як адзін у далоні б‘юць: хваляць парадкі... Во, нават, Юрка... Не казаў я? — выказаў Паўлюк.
— Так! Дзівіць мяне... Я ніколі ня думаў, што яно так, што так глыбока ўелася бальшавіцтва... Ня думаў... А тота-ж... — Сідор нездаволена пакруціў галавою і ня мог даказаць.
— Сідор Гарасімыч! — а ўсё-ж яно не якраз так, як мы бачылі. Ёсьць шмат і праціўнікаў бальшавікоў. Вось каля нас стаяла з дзесятак мяшчан — дык сьмяяліся з усяе цэрамоніі, толькі ім нельга выказвацца...
— Так, нельга выказвацца... — шэптам падмацавалі шулаўцы.
— Гэ! што дзесяць, калі сотні пляскаюць у далоні, сотні... Што дзесяць! Каб наадварот... — матнуў рукою Сідор.