нага прамоўцы жывы, гарачы водгук на воклік дакладчыка. У кароткіх, няскладных прамовах цэлы шэраг сівых барадатых сялян засьведчылі сваю ўвагу, сваю спагаду да Савецкага ладу ды яго парадкаў. Атрымоўвалася ўражаньне, мэрам-бы ўся нарада сабралася ў іспалком, каб урачыста прывітаць тую гадзіну, якая прынесла ім жаданую волю.
Гэты настрой кідаў Сідора то ў жар, то ў холад. Штосьці цягнула яго хутчэй уцякаць, а разам другая сіла прыкоўвала яго к месцу. Марыля некалькі разоў звала яго выйсьці, але ён аднекваўся і ня пускаў яе.
— Вось, хай скончаць гэта пытаньне — няпраўда, прарвецца! Вось мо‘ хоць адзін прамоўца знойдзецца, — папрасіў Сідор Марылі, калі яна пагрозілася аднэй пайсьці.
— Ну, добра! Толькі адзін, — згадзілася яна, — усёроўна нічога новага ня скажа.
Якраз гэтым адным папаў Юрка. Сідор ня прымеціў, як той апынуўся ля стала, але толькі прымеціў швагра, як моцна скалануўся ад гневу і азірнуўся на Марылю:
— Бачылі гэта?
— Юрка! — прашаптала тая. — Пачуем, што скажа!
— Не, годзе! Ідзем! — папрасіў Сідор Марылю.
Таўхаючыся між людзей, яны пайшлі да дзьвярэй, а ўсьлед ім нясьліся гучныя словы Юркі: „Мы павінны помніць адно: што нам далі польскія паны, і што зрабілі нам большавікі. А памятаць паноў кожны мае завошта — з іх імем зьвязана наша няволя, зьвязана разбурэньне краю, гвалты, пажары. Толькі бальшавікі нам далі волю, толькі ад саветаў — наша свабода й сьветлая будучына“.
VII.
На конфэрэнцыі ў іспалкоме былі таксама Паўлюк, Мірон ды Варвара. Яны прыйшлі шмат раней Сідора з Марыляю й занялі месца ў бакавым пакоі за сьценкаю, так што іх ня было відно з канцылярыі. Стоячы там, яны не маглі сачыць за ўсімі, хто заходзіў у іспалком, і хто з яго выходзіў. Праўда, Сідора з Марыляю яны чакалі з часу на час, пазіралі ў вакно, думаючы ўгледзець ідучымі, але прапусьцілі й ня прымецілі, калі Сідор з Марыляю зашлі ў іспалком. Вось усе ўтраіх так і пастанавілі, калі распачалася конфэрэнцыя, што Сідор, мабыць, матнуў на яе рукою й ня прыдзе паслухаць. На гэтым і спыніліся-б, каб выпадкова Паўлюк не азірнуўся ў вакно якраз у той момант, калі Сідор з Марыляю выйшлі з двара іспалкому.
— А во, бачце! Сідор з Марыляю пайшлі! Усё-ж былі тут, — ціха падаў Мірону й другім суседзям Паўлюк.