Яна злосна скрывіла міну, сашчапіла кулакі і намерылася кінуцца на хлопчыка, зрабіўшы ад вакна некалькі крокаў.
— Янка-а! Га, Янка-а! Хутка адзявайся і мігам з дзядзькам Сідарам назад да пана Замыжнага. Баржджэй! прыказала яна хлопчыку.
— Мамачка, родненькая, што хочаце са мною рабеце, куды хочаце пасылайце — толькі пазбаўце ад пана Замыжнага. Ён замучыць мяне... Там я з голаду памру. Не адпраўляйце мяне з дзядзькам Сідарам... Я з ім не паеду; ён вам няпраўду пра мяне наказаў... — з плачам у голасе, з мінаю на твары, якая выказвала глыбокую просьбу, умольна казаў да мацеры Янка:
— Я ўсё роўна там не застануся, калі мяне туды сілаю завязуць. Уцяку, кіну... павешуся лепі, ці ўтаплюся, а ня ўслужу... — ужо з пагрозаю дадаў ён.
— Як?! Ты мяне яшчэ страшыць уздумаў? Вось я табе дам — павешуся! Бяры андарак ды шапку і гайда назад! — узьліўшыся да чырвані, крычала Палута.
Янка спужаўся мацеры і паслушна зьлез з полу, зьняў з кручка халацік ды шапку і, узьдзеўшы іх, паслушна выйшаў з хаты.
У дварэ сустрэў яго Сідар. Хапіўшы за руку Янку, ён жартліва сказаў:
— Кінь журыцца, нябожа; пакуль жаніцца — загаіцца... Вось забывай усё, палязай на воз і паедзем.
Янка нічога не адказаў Сідару. Галодны ад учарашняга і аслаблы, але ня могшы папрасіць у мацеры есьці, ён пайшоў да возу і ўсеўся на мяшку з саломаю.
— Янка, Яначка! — радасна кінуўся да яго Хведарка, прыбегшы аднекуль і ўгледзеўшы брата на возе: — Вазьмі й мяне з сабою, я хачу пад‘ехаць — я так доўга не катаўся.
Янка нічога не адказаў і братку: ён мэрам і ня слухаў, што яму так рад і так шчыра сустрэў яго зусім нявінны ні ў чым Хведарка. Нават і вокам ня кінуў на яго — калі пакрыўджаны Хведарка адыйшоў ад возу, сеў на прызьбе і набочыўся.
Не зважаючы на дзяцей, Сідар каля пяці хвілін аб нечым пашаптаўся з Палутаю, а пасьля — адвязаў каня і намерыўся ехаць.
— Бывай здарова, Палута! — сказаў Сідар да Палуты і паківаў галавою.
— Бывайце здаровы, ягамосьць Сідар... — дабрадушна адказала Палута і сьледам дабавіла: — вы ўжо там не патурайце яму, ушчувайце добра, калі трэба; я яшчэ падзякую вам за гэта... Што з ім цырымоніі разводзіць!..
Сідар засьмяяўся і пагнаў каня.