Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзень. Але ніякавата перад шваграм, з якім — хто яго ведае? — як яшчэ прыдзецца расстацца.

— Сідор, ты ўжо ня сьпіш? — запытала сястра з мыцельніку, убачыўшы, як Сідор паварушыўся.

— А ўжо! — адказаў ён

— Ну, ці-ж патрапіў учора адчыніць? — задала Сідору другое пытаньне сястра.

— Чаму не, патрапіў.

— А як спалася?

— Дрэнна...

— Чаго?

— Проста так... Не ўпадабалася мне тут. Зусім ня тое, чаго чакаў. Трэба хутка пакідаць вас...

— Чаму?

— Ды так! Гэтае дабро я і ў сваім горадзе знайду.

— Ды кінь ты мудрыць... Чаго табе трэба асобнага? — разуважыла яго сястра.

— Мне трэба... Я проста думаў: спаткаю сваіх старых прыяцеляў, падзялюся з імі старымі думкамі, час весела правяду... А тут усе былыя прыяцелі — цяпер ворагі...

— Ня думаю, каб усе, — разуважыла йзноў Юста.

Далей Сідор не казаў, бо ў сенцах бразнулі дзьверы. Ён пасьпешна саскочыў з ложка й пачаў адзявацца.

Хутка ў хату вайшоў Юрка.

— Адліга будзе надварэ, — вымавіў ён, бяручыся за цыгарку. — Ну, а як у цябе са сьнеданьнем? — запытаў ён у жонкі.

— Вось, скора можна сьнедаць, няхай Сідор памыецца.

— Ай, чаго там мыцца, можна й так, — пажартаваў Юрка.

Сідор змаўчаў і палез у свой куфэрак за ўціральнікам, каб ісьці мыцца.

Па сьнеданьні Сідор доўгі час аставаўся ў хаце. Сястра й швагер разышліся па справах, а ён адзін то тупаў, то прылягаў на ложак, то браўся за кніжку — творы Данілеўскага. Пачасту ён зазіраў у вакно і праводзіў вачыма праходжых. Ісьці нікуды не хацелася. Успамінаў аб іспалкоме — рабілася няпрыемна, пераносіўся да Слояў — і лічыў няздатным ісьці днём. Ды к таму чакаў сам Марылі. Выкрадалася жаданьне, каб хто да яго прышоў пагуляць. З гэтых „хто“ Сідор разумеў Паўлюка ці Мірона. Але час ішоў, а ніхто не наведваў. І каля другое гадзіны ўдзень ён сам вышаў на вуліцу. Вышаў, па-стаяў з часіну каля двара, а пасьля пашоў на рынак. Падблі-