Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

загразла ў яе горле тое, што яна мелася выказаць, і яна засталася маўчаць. Сідор, як-бы ня сумеўся зразу ад калючых слоў Андрэя і толькі ў адказ на іх часьцей пачаў зацягацца цыгаркаю. Усе астатнія таксама ня ведалі, куды павярнуць далейшую гутарку, і хто задумана, а хто абурана чагосьці чакалі.

Гэтак прайшло каля пяцёх хвілін, якія паказаліся для ўсіх чуць ня годам. Далей нельга было маўчаць, бо то-б урэшту разнэрвавала кожнага, і Плаха перарваў маўклівасьць.

— Мне здаецца, што тут ня час і ня месца вясьці нашу спрэчку. Тым болей, што мы ня вырашым адразу гэтага пытаньня. Я раджу перайсьці да іншай тэмы.

— Вось праўду кажа Макар, — пахваліла раптам знайшоўшая сябе Агнэса, — памойму, запяялі-бы песьню якую.

— Давайце! Запраўды, хлопцы! — рачавіта падцяла мацеры Марыля. — Варвара, — зьвярнулася яна да таварышкі, — заводзь што-кольвечы. Ну, хутчэй!

— Хай без мяне хто пачне, — аднеквалаcя Варвара, — я ня ведаю, якую пачаць.

— За ўладу саветаў — дужа пекны напеў, — парадзіў Плаха.

— Памойму лепей „Не осенний мелкий дождичек“, — падаў ад сябе Паўлюк.

Варвара сарамяжа кашлянула разы два, абацёрла хустачкаю губы й нясьмела, папярхаючыся, зацягнула „Не осенний мелкий дождичек“. Ёй сталі падцінаць Агнэса, Марыля й Паўлюк. Сідор, Андрэй і іншыя сядзелі моўчкі, кожны думаючы сваё.

— А вы-ж, чаго маўчыцё? — пяючы запытала Агнэса, — пасабляйце пяяць.

Сідор як-бы гэтага й чакаў, падняўся й выйшаў з-за стала. Пасьля паглядзеў праз фіранку ў вакне на вуліцу і прайшоў па хаце.

— Цікава, як позна? — абярнуўся да яго Плаха.

Сідор выняў загарак, паглядзеў і адказаў:

— Другая гадзіна.

— Го-о-о! Чуў, Андрэй? Ці не пара зьбірацца да хаты? — абярнуўся Плаха да Андрэя.

Той таксама выйшаў з-за стала на хату.

Гэты іх рух зьвярнуў на сябе ўвагу Агнэсы й дзяўчат, і тыя кінулі пяяць ды зьвярнуліся да хлопцаў.

— Куды вам сьпяшыць? Яшчэ рана. Ночы вялікія. Гуляйце! Андрэй, Макар, Сідор!

— Не, я ўжо не магу, — запэўніваў Андрэй, — трэ‘ яшчэ даклад напісаць сёньня. Дзякую, цётачка, за ўсё, прабачайце! Ужо ў суботу нагонім за гэта... Абрыдаем вам.