Наліўка падвесяліла ўсіх. Але больш другіх выглядала гэта на Сідору. Ён раптам перайначыўся, адагнаў ад сябе задумлівасьць, сум і стаў непазнана рэзвым і храбрым.
— А ведаеце, — перабіваючы ўсіх, уголас пачаў ён казаць, — я ніколі ня думаў, што так выйдзе. Я не спадзяваўся, прызнаюся адкрыта, што ўсё так перайначылася й тут, у Вікурах... Дзіўна! Глуш, яма, — а глядзі ты! Не пазнаць... Не пазнаць нікога... нікога... Як быццам-бы я сяджу ў тым-жа Менску ці Гомлі...
Сідор адхіліўся да сьцяны і ня сьціхаючы курыў, старэнна размахваў рукамі, кажучы да Андрэя:
— Найбольш усяго, я не чакаў таго ад цябе, Андрэй. Не чакаў, што ты станеш тым, чым я цябе сустрэў сёньня... Ехаў і думаў: сустрэнуся з таварышамі й хоцькі душу адвяду... Пагутарым, успомнім мінулае, пацешымся і... адпачнем душою... Прызнацца, пераступаючы іспалком, тое думаў... Чаму-ж не? Ласьне нельга быць іспалкомцам і ненавідзець гэтую ўстанову, працу ў ёй і... усё!.. Думаў, а яно — на табе... Цяпер... выбачайце, можа я кажу гэта, а заўтра вось, Андрэй ці Плаха, ці Габрусь возьмуць і прыдуць па мяне з міліцэйскім? Га? Ня можа таго стацца?..
Сідор пакорна пазіраў убок Андрэя, мэрам-бы выспрабоўваючы яго. Але Андрэй стрымна чакаў, пакуль Сідор выкажацца акурат і змоўкне. Чакаў і чуць прыкметна ўсьміхаўся, укладаючы ў гэты сьмех усё яскравей абураўшую ім халоднасьць і чэрствасьць да Сідора.
— Ды што ты, Сідор Гарасімыч, што ты! Гаспод з табою! — суцешыла Сідора Агнэса. — Няўжо ты думаеш, што Андрэй зусім ворагам тваім зрабіўся? Што ты!
— Ворагам? Такі й ворагам! — зацяжна вымавіў Андрэй і колькі хвілін прамаўчаў. — Так, Сідор, я ўжо не вялікі яго прыяцель!.. Ня вораг, але й ня прыяцель... Сідор зусім неправілова судзіць, скажу я вам. Сідор астаўся тым, які й восем гадоў таму назад пяяў на клірасе „Спасі, госпадзі“, а ў станавога—„Божа, цара храні!“—і матыў гэтых пратухлых песьняў дагэтуль шуміць у яго вушох... Ён, пэўна, думаў, што гэты матыў шуміць і над усімі Вікурамі. Дзеля таго і трапіў-сюды, але абмыліўся. Мы выйшлі з-пад гэтага матыву. Нам зьвіняць новыя песьні. І паміж намі, як паміж гэтымі песьнямі, нічога агульнага няма.
Выказаўшы гэта, Андрэй змоўк. Маўчалі і ўсе. Дзяўчаты, Марыля й Варвара, незьясьнёна-ўкрадчыва перакідаліся між сабою мігамі броў, чуючы нейкую нацягнутасьць у паветры. Агнэса перш штосьці хацела папярэчыць Андрэю, але разам