— Брэшаш, распусьнік!
— Не, мамачка, дальбог не, — стукнуўшы кулачком у грудзі, пакляўся Янка.
Палута замаўчала і некалькі часу нічога не казала, але скора да яе надышло сумненьне, і яна вымавіла да сынка:
— А калі ты хлусіш, што тады будзе? Вось я толькі папытаю ў аканома Сідара, чакай...
— Не, ні каліва ня хлушу, ні беднага... Папытайце сабе ў дзядзькі Сідара... — умольна, гледзячы Палуце ў вочы, апраўдваўся Янка.
Але не пасьпеў ён дагаварыць свайго апраўданьня, як пачуўся стук у вакно, а за ім і голас знадворку.
— Палута! Палута-а, га?
Палута кінула Янку, баржджэй падбегла да вакна і ўгледзела ў ім Сідара, аканома Замыжнага.
— Ага-а! Сіда-ар! Чаго-ж гэта вы? — запытала яна Сідара,. прачыняючы вакно.
Сідар усьміхнуўся і адказаў:
— Чаго! Да ты, пэўна, і сама дагадалася... Гэта-ж...
— А што? — не дагадваючыся ў чым рэч, перабіла Сідара Палута...
— Да, простая рэч, за хлопцам прыехаў. Узяў учора ноччу і зьбег. Кінуў-рынуў у полі стада, а сам, займаздароў, драла. І ліха ведае, колькі ўчыніў шкоды: у сенажаць, ведаеш, рынула ўсё стада і нашчэнт здратавалі з дзесяціну поплаву. Эх, такі ўжо, галубка, распусны ён у цябе, такі мудрагельны хлапец, што ня дай ты рады. Пэўна заснуў у пасецы, выпусьціў з вачу стада і з пярэпалаху ўцёк да хаты... Напэўна-ж, я думаю, ён у цябе ў дому?
Сідаравы словы ня былі наўдою для Палуты: яна зразу, толькі-што ўгледзела ў хаце Янку, думала гэта. Да кляцьбы і запаўненьня свайго сынка, чым ён апраўдваў свой зьбег са службы — Палута аднеслася з поўнаю няўвагаю. Нават і думкі не дапускала, што яе сынок клянецца ёй і яе запаўняе зусім шчыра. Чамусьці яна верыла словам аканома Сідара. Толькі ён скончыў запытаньні, як Палута адвярнулася да запечку, дзе насуплена стаяў Янка, і злосна прыкрыкнула на яго:
— Ці ты чуеш, адшчапенец, што дзядзька кажа? Каб цябе паралюш задушыў. Ну-ж, я табе пакажу, зараза.
— Ша-ша!—перапыніў Палуту Сідар: — крычаць — то ўжо ты ня крычы на яго... Па добраму лепш скажы, угавары яго болей так не рабіць...
— Го! не! Я-а яму пакаажу-у! Эх, эх! І што мне рабіць з гэстым разбойнікам... сьветам круціць, на яго ліха...