Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выбегла ў сені, пабыла там нейкі час і вярнулася ў хату з поўнымі талеркамі сыру й каўбасы. У гэты час Марыля штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Хлопцы не зьвярталі на іх ніякае ўвагі і былі зьдзіўлены, калі раптам Марыля прынесла на стол талерку з каўбасою й бутэльку чарнаватае наліўкі.

— Годзе сварыцца — дайце гадзіцца, — жартліва падсказала яна да ўсіх.

І, бачачы, што хлопцы зарухалі з-за стала, дадала:

— Не палохайцеся, ша! Як сядзелі, так і заставайцеся сядзець.

Па чарзе — Андрэя, Плаху і Сідора на хаце, яна вярнула за стол.

— Навошта-а гэта, цётка? — сумеўся Андрэй, калі Агнэса прынесла на стол яшчэ адну пасудзіну з закускаю.

— Вось маўчы. Я захацела пагадзіць вас тут. Навошта вам спрачацца? Усе таварышы, — адказала рэзвая Агнэса.

— Го, цётачка, нас ужо цяжка пагадзіць, — нясур‘ёзна завёў Габрусь.

— А каб цябе халера ўзяла!.. Беларус ты заядлы... Няўжо-такі ты не адкараскаешся ад свае беларушчыны няшчаснай?

— Тады, калі Сідор кіне быць яе ворагам...

Сідор пусьціў па твары лёгкую ўсьмешку і нічога не адказаў.

— Ну, расьселіся... Вось цяпер за наша здароўе вып‘ем па кілішку, — наліваючы з бутэлькі наліўку, выказала Агнэса. — Як-бы й ведала, што госьці будуць. Захавала яшчэ з восені.

— Умееце хаваць! — пажартаваў Паўлюк, — то-б-то на мяне — ня выстаяла-бы столькі!

— Ды ўжо ты вядомы чалавек! — уставіла Варвара.

— Не чакайце-ж, не чакайце, сынкі. Вазьмеце, калі ласка, — упрашвала Агнэса.

Паўлюк першым узяў чарку, падняў яе і сказаў да ўсіх:

— Гэта-ж цяпер — золата. Гэта — Эвіна яблычка. Чаго тут пазіраць на яе?

І выпіў.

За ім апаражнілі свае чаркі і ўсе прысутныя. Агнэса, не даючы адгону, наліла па другой, а сьледам і па трэцяй. Наліўшы, яна над кожным настойвала выпіць, то ўгаварваючы, то пужаючы.

Гэткім чынам пляшка амаль без пярэдыху была апарожнена. Агнэса яе прыняла са стала й частавала госьцяў закускаю.