Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

брэшам мы на месяц. Брэшам, каб брахаць. Няма на вошта — дык на месяц. Я вось чую тваё нездаваленьне, а скажы, што ты радзіш ад сябе? Нашы былыя мары? Балі ў станавога ды папа? Кончана, згніло, брат! Згніло вакол і ўсюды. І дарэмна ты думаў — калі толькі думаў! — што ў Вікурах знойдзеш ня ўзьнятую цаліну... Кончана... Адно цяпер на чарзе — гэта засеяць узьнятае і атруціць дармаедаў, каб не патравілі засеянага...

Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў вакно. Сідор, якога ён ня бачыў два гады, і які абрадаваў яго сёньня сваім прыходам у іспалком, цяпер выглядаў у яго ваччу зусім іншым, чужым чалавекам. Бывалашнія таварыскасьць, сумеснае плянаваньне будучыны іх жыцьця, цесная блізасьць, падзел самымі таемнымі перажыткамі — усё гэта, выбліснуўшы на момант, раптам заглухла, зьнябылося, і іх месца заняло новае пачуцьцё. Гэтае новае пачуцьцё дыктавала Андрэю настойныя думкі, якія шапталі яму на вуха: „Закаранелы монархісты... непапраўны. Горай раненшага. Не! Болей ён мне не таварыш... не магу цярпець — варочае...“

— Сідор Гарасімыч, вы ашукваецеся, падкрэсьліваю я, — каб згладзіць гострасьць Андрэевых слоў, мякка казаў Плаха. — Пэўна, мне ўжо вас не разуверыць, але мне здаецца, што ролю сабак насілі-бы мы тады, каб ішлі супроціў цяперашняга ладу. Нас выхоўвалі для гэтае ролі і ў гарадзкіх школах, і ў сэмінар‘ях і ў інстытутах. Загналі ў нас зьвярынае пачуцьцё, і мы пад яго ўплывам знаходзімся дагэтуль. Нас пакалечылі змалку так моцна, што ажно й цяпер не апамятацца, ня выраўняцца... Скалечылі нашу душу, зглумілі нашу самотнасьць. Ня дзіва, што кожная рэч, блізкая й зразумелая нам, — цяпер не даспадобы. Трэба лячыцца, трэба лячыцца, а то без пары загінем.

— Я адно хачу дадаць, — умяшаўся ўвесь час маўчаўшы Габрусь, — гэта з пытаньнем аб школе, якое чапаў Паўлюк. Я — не настаўнік. Я — коопэратар і мо‘ менш Паўлюка сьвядомы, ну толькі-ж, памойму, у школе нельга абыйсьціся бяз нашае, мужычае, простае мовы. Тут ніякім чынам ня выкруцішся... Я гэта ведаю са свае даўнейшае практыкі ў воласьці... Нашаму селяніну патрэбна даставаць адукацыю самым лёгкім парадкам; а гэты парадак ёсьць яго мова. Няможна пераскокваць там, дзе ёсьць магчымасьць перайсьці...

— Ну, брат, ты ўжо пакінь... Твае тэорыі нам усім вядомы... Ты, я табе скажу, просты фанатык — ня больш! — суха пераняў Габруся Паўлюк.

Пакуль ішла гэта гутарка, Марыля адышлася ад стала ў мыцельнік і колькі часу шапталася з мацераю. Пасьля Агнэса