Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вось з гэтага боку — я цалкам з Міронам, уступіў у гутарку Паўлюк, — хай сабе іншае, ну з боку-ж няўвагі да інтэлігэнцыі, то неправілова. Яна-ж — сок краю. А тут мэрам-бы вайну ёй абвясьцілі. Што-б яна не падала ў думках — нічога ня варта. Хоць-бы з гэтай надаедлай школьнай справай. На табе і працоўную школу, на табе і беларускую мову, на табе і зьнішчэньне няграматнасьці... Усё разам і засаб. А паспрабуй паспрачацца? Вось хоць-бы ў нас: паперка за паперкай — прыказ перайсьці да беларускае мовы... Каму й нашто яна патрэбна? Які ў ёй толк? Што яна дасьць?.. Дык не! Паспрабавалі мы протэставаць — ні ўвагі...

— Ха-ха-ха-а! — разьліліся сьмехам Марыля з Варвараю, — далася яна нам узнак — гэта беларуская мова... Папаваявалі мы супроць яе...

— А зьмірыліся-ж, — уставіў Мірон.

— Улада гэткая — гэткая і яе мова, — падала з мыцельніку Агнэса, — мужыкі... мужыкі — больш нічога... Ласьне ім што далікатнае трэба?

Сідор уважліва выслухаў кожнага й відаць было, як хвіля ў хвілю мянялася міна на яго твары, робячыся то вясёлай, то няўверанай, то падазронай — адпаведна выказваным думкам. Казаў Мірон — Сідор здаволена ўхмыляўся, загутарыў Паўлюк — ён супыніў ухмылку, а настарожана лавіў кожнае яго слова, прагна жадаючы пачуць большых скаргаў і нараканьняў на сучасны лад.

На сьмех дзяўчат і выказ Агнэсы Сідор ізноў адказаў лёгкаю ўхмылкаю. Аднак уцалку — яго настрой падаў, брала раздум‘е, ацягаў цяжар. Той дух, ад якога ён тужыўся ўцячы, вітаў вакол яго, дзе-б ён не супыніўся. Лятаў і труіў паветра. Сідору рабілася злосна; нянавісьць забірала яго. А разам з гэтым уставаў нейкі ні-то задзёр, ні-то ўпартасьць — настаяць на сваім. Абураны гэтым, ён вылез з-за стала і, не перастаючы курыць, затупаў па хаце.

— Я бачу, што ў нас не хапае ўстойнасьці, і мы скрозь пальцаў глядзімо на ўсё. Глумяць школу — няхай, не ўважаюць інтэлігэнцыі — няхай. Праз гэтыя „няхай“ мы й робімся слугамі мужыкоў ды розных там... „з бору па сосенке“. І, пэўна, замест настаяшчага, атрымоўваем падробленае. Замест вялікае расійскае мовы, падсоўваюць брахню нейкую... А маўчацьмем — сабакамі завыем... Запамятайце...

— Саба-акамі... Вось папаў, брат, пальцам у неба, — абураны Сідоравай размовай, падняўся з месца Андрэй. — Гаворачы так, як ты — даруй ужо мне — запраўды, раўняецца да сабачага брэху. Я так і бачу перад сабою вобраз, як быццам... ну