Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Цэлая зборня тут у вас. Больш нічога й ня трэба, — падаў Сідор комплімэнт да ўсіх.

— А такі й гэтак, — пасьпяшыла згадзіцца Варвара.

— Сядайце, вось, Сідор Гарасімыч, — папрасіла Марыля.

Сідор прысеў пры ражку стала, выняў партабак і закурыў цыгарку.

— А ўсё-ж, скажу вам, — пускаючы рызыкоўна дым убок ад стала, пачаў казаць Сідор, — мне падабаецца вось гэткая кампанія. Сабе зьбярэшся сваёю хэўраю, пагутарыш шчыра, пра што захочаш, павесялішся ўспамінамі — і часу шмат адшвырнуў. Усё менш жыць у гэтым пекле, якім цяпер стала наша жыцьцё... Ці-ж ня праўду кажу?

— Вось чыстая праўда, Сідор Гарасімыч, — падмацавала з мыцельніку Агнэса, — шчырая праўда, сынок. Я таксама часта спрачаюся і з Андрэем і з Макарам Плахаю, што цяпер куды горай ранейшага. А яны — гаварыцца не даюць.

Сідор пры апошніх словах зірнуў убок Андрэя, і яму стала ніякавата, калі яны стрэліся сухімі сур‘ёзнымі поглядамі.

— Я ня ведаю, як хто, а мне дык нудна цяпер стала жыць... І ўстроен я на добрай службе, не цярплю холаду ні голаду, маю мажлівасьць адзецца — а вось чагось не хапае. Як прыпомню старыя думкі, пляны ды жаданьні, дык сэрца дратуецца... А там, у нашым горадзе, скрозь чужыя людзі, якія з усім згадзіліся і, церпячы недастачы, у запой абараняюць сучаснае становішча. Слова аб іншым сказаць нельга. І я адным-адзін, як струц, увесь астатні час прабадзяўся. Чуць нуда не зарэзала... Страшэнна пацягнула сюды, у Вікуры, да старых таварышоў, далёка ад надаедлых мне сходаў і дэмонстрацый... Мне думалася, што тут, у вашым кутку, жыцьцё не пачэпана так, як у горадзе...

Сідор сказаў гэта з нейкім запоем, гарда і ўважліва, гледзячы толькі на Агнэсу. Тая-ж з цікавасьцю нязьмігутна выслухала яго і мэрам-бы зачаравалася яго словамі, бо, калі ён кончыў, яна засталася сядзець моўчкі й нярухома.

Марыля з таварышкаю таксама ўважліва выслухалі Сідора. Спакойна выслухалі яго і Паўлюк з Міронам.

Зусім іначай паглядзелі на яго словы Андрэй, Плаха і Габрусь Уасобку Андрэй, які ня мог сутрымацца ад сьмеху, і толькі Сідор скончыў, як ён падняўся з месца і сказаў:

— Дарэмна ты, Сідор, наракаеш на сучасны лад, зусім дарэмна. Мяне й дзівіць, чаму ты так кажаш. Паглядзець на цябе — нельга падумаць, што ты пакрыўджаны. Сам, нават, сазнаешся. У чым-жа рэч? Ня вышла так, як колісь мы разьлічвалі? Ня ходзім мы панамі, а перад намі шапак ня скідаюць? Ня