Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/151

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зноў адвярнуўся ад вакна, але ўжо ня прысеў, а пачаў тупаць па хаце.

„Перамена на ўсім, адно толькі я астаюся тым самым, як і быў. Я адзін краплюся і стаю на сваім. І выстаю… Ды мала таго, што выстаю, а мушу і другіх прытрымаць на тым-жа месцы. Бо што з таго, калі мне аднаму давядзецца займаць сваю позыцыю? У гэтым мала радасьці і мала карысьці… Важная карысьць — другіх утрымаць… Так, важная, але ці-ж хопіць сілы?.. Штосьці задалёка ўсё адышло… Дзіўлюся. Ці-то мне здаецца, ці запраўды яно так: мэрам-бы і Андрэй зусім другім стаў. Відаць па ўсяму: патайны стаў, малагаворкі, падазроны… Няўжо і яго пераламала ўжо? За гэтыя два з лішнім гады ці-ж мог ён адцурацца сваіх поглядаў — гэткіх цьвёрдых, здавалася, і пераконаных?.. Цікава!.. Што ён выкажа далей? Трэба пацягнуць яго на адкрытую… Бо штосьці ня верыцца, каб ён са шчырасьці казаў, што „работа цікавая“… Забачым… А шкода будзе, калі Андрэй паламаў погляды, шкода… А гэта можа стацца, бо жыцьцё ломіць… Ломіць упарта і крэпка. Паглядзець — падзівіцца! Узяць-бы і ў мяне на службе — ліха іх ведае: кожны стаў нейкім асобным і незразумелым. І чым далей, тым невыразьнейшай становіцца кожнага душа… Але там — горад. Горад — то іншае: шум, рух, кіпятня… Дзіўней тое, што вось і ў гэткія куткі, як гэтыя Вікуры, так шырока пралазіць усё. Чаго-б, здаецца, тут уважваць бальшавіцтва, а потым паглядзець — прывыкаюць. Повен іспалком мужыкоў; згодна ды спакойліва гутараць… як дома, як у суседа… А Андрэй кажа, што „работа цікавая“.

Сідор не зварачаў увагі на тое, што ў хаце было цёмна; ён разьмеранымі крокамі, пакіўваючы галавою, тупаў па хаце, малюючы розныя выкрутасы: то крыжы, го петлі, то ўскосныя фігуры. З вокан супроцьлежнага дому выпадалі пукі праменьняў і прабіваліся ў хату, кладучы ясны адбітак вокан на баку печы. Вуліцаю праходзілі людзі, скрыпячы па сьнягу нагамі. Сідор, калі хто праходзіў, на хвілю прыныняўся й міжвольна прыслухоўваўся, пакуль праходжы ня мінаў хаты. Пасьля йзноў пачынаў хадзіць.

Гэтак ён пратупаў каля гадзіны. Нарэшце спыніўся, надышоў да стала і намерыўся прысесьці, але ў гэты момант пачуў стук дзьвярэй.

Праз хвілін пяць у хату ўвайшла гаспадыня, яго сястра Юста.

— Ці ёсьць хто ў хаце? — запытала яна ўпацёмку.

— Я, Юста, я ў хаце! — адказаў Сідор.