— Пэўна! Праўду кажаш, браток, — згадзіўся Плаха, ня думаючы, да чаго кажа.
У гутарцы прыняла ўдзел уся кампанія. Але меней усіх выказваўся Андрэй. Таксама рэдка закідала словы й Марыля, якая больш слухала Сідора. Апошні, скора яна яго ўгледзела, паказаўся ёй дужа прыемным і прыгожым, і яго словы здаваліся ёй ад пачатку да канца праўдзівымі. Калючкі і ўпінкі ў Сідоравай гутарцы, пакіраваныя на савецкі лад і яго парадкі, падабаліся Марылі яшчэ й таму, што яна таксама не спагадала бальшавіком... На кожны выказ Сідора Марыля адказвала ўхмылкаю і лісьлівым зазіраньнем яму ў твар. Гэта, з свайго боку, заахвочвала Сідора на большую адкрытасьць у сваёй гутарцы.
Гэтак гутарачы, яны прайшлі ў канец усю вуліцу й павярнулі назад.
Ну, хіба цяпер разыдземся, а пасьля сыдземся зноў... калі не прагоняць, то ў Марылі Палікараўны, — парадзіў Сідор.
— Што вы, аброць вам на язык, — перапыніла Марыля.
— Добра, добра, — згадзіўся ад усіх Паўлюк.
Параўняўшыся з перавулкам, яны разышліся, хто куды.
II.
Сідор Браварка прышоў да сястры на кватэру і, не застаўшы нікога ў хаце, прысеў каля стала й пачаў выяўляць і пераверваць сам-на-сам першыя ўражаньні. Выгляд мястэчка, іспалком, яго таўкатня, спатканьне з таварышамі, іх настрой сьціслым шэрагам панясьліся перад яго ваччу адно за другім. Пранясьліся перш нясустрымна, хутка, а пасьля, мэрам-бы зрабілі паўкруг ублізку ад яго, павярнулі назад і зноў кранулі яго думкі. Пасьля, раптам зьніклі, даўшы месца мінулым адчуваньням. Перад Сідорам усталі вобразы яго студэнцкага жыцьця, гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балі, вечарыны. Прамігнулі палкія лятуценьні, жаданьні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем. Тады, прыпомніў Сідор, многае, што абгаварвалі яны з Андрэем і Плахаю, будавалі шмат сьмелых плянаў. Вікуры ня мелі месца ў іх жыцьці. Пецярбург — вось дзе луналі іх думкі... Яны лічылі сябе вялікімі людзьмі, перад якімі ўсіх-бы вікурцаў спадалі шапкі. „Колькі часу таму? Многа, многа! Здаецца, цэлыя вякі! Ды страшнага якога часу, каторы пераламаў усе мае пляны, усе задумы перастроіў. Якія зьмены зрабіліся! Цяжка выабразіць! На ўсім і на ўсіх, як не паглядзі“, — прашаптаў Сідор сам да сябе.
Сідор прыўстаў з месца, паглядзеў у вакно, ці ня йдзе хто, каб не памяшаў соладкасьці і заўзятасьці яго думак, і