Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дзякую, таварыш. Вельмі дзякую, а то мне столькі клопату паддаў ён, што...

Андрэй матнуў рукою і селянін замоўк, схінуўся перад ім і завярнуўся ад стала.

— Вось гэта табе цікава? — пасьмяяўся Сідор. — Ня ведаю, хіба ты зьмяніўся, а як судзіць паранейшаму — то наўрад ці могуць цябе зацікаўляць гэткія справы... Трэба, наогул, адрачыся ад самога напалову, каб з цікавасьцю аддацца гэткім справам... Я ня ведаю, як ты, ну, а я ўсё яшчэ не магу згадзіцца з усім гэтым.

— Што ты, Сідор, узапраўды? Здаецца-ж ты ня горай мяне жывеш, а... — вымавіў Андрэй і супыніўся, угледзеўшы, што ў канцылярыю ўвайшлі настаўнік і настаўніца вікурскае школы.

— Я табе скажу: гэта ня тое, каб даводзілася дрэнна з матар‘яльнага боку. Не! Галоўнае...

Настаўнік з настаўніцаю, пасьмейваючыся над чымсьці, падышлі да стала і запанібрацкі павіталіся з Андрэем. Настаўнік абглядзеў навокал стала, каб найсьці на чым-колечы прысесьці, і, ня ўгледзеўшы нічога, пасьмяяўся:

— Хоць на падлозе... Патурэцкаму...

Сідор пахіліўся да настаўніка і, пазнаўшы ў ім знаёмага — нават, калісьці таварыша, уставіў ад сябе:

— Цяпер не навіна: альбо пад сталом, або на стале.

Настаўнік, пакуль не зважаўшы Сідора, цяпер глянуў яму ў твар і весела-зьдзіўлена завёў:

— Га-а! А вы-ж, Сідор Гарасімыч, якім чынам да нас? — і працягнуў яму руку.

Сідор падтрымаў працягнутую яму руку і адказаў:

— А вось у госьці заехаў. Няма бацькоў — пачастуюся ў сястры. Захацелася наведаць родны кут.

— Пазнайцеся: Марыля Слой, настаўніца вікураўскага вучылішча, — паказваючы рукою на настаўніцу, запрапанаваў Сідору настаўнік.

Сідор далікатна прыўстаў з зэдля, схінуўся крыху й па-ціснуў ужо працягнутую насустрэч яму руку настаўніцы.

— Паўлюк, а ці-ж Марылі тав. Сідор ня ведае, што ты іх знаёміш? — зьдзіўлена запытаў Андрэй, паглядаючы пазьменна на кожнага з іх.

— Штосьці ня помню я, — адказаў Сідор.

Настаўніца ні-то ганорна, ні-то сарамяжа прапусьціла тварам лёгкую ўхмылку.

— Дзе там іх прыпомніш! — уставіў Паўлюк, — іх тут за час адсутнасьці Сідора Гарасімыча з Вікур нарасло, як грыбоў. Дзявочае семя ўрадлівае.