Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сілі й пыталі. Здавалася, з нецярплівасьцю можна было многіх вылаяць за назойлівасьць і ачамернае прыставаньне, можна было са многімі пасварыцца. Але гэта ня было навінаю для іспалкомцаў. Штодня, праз паўтара гады, ад часу палякоў у іспалкоме панаваў настаяшчы кірмаш. На ўсю воласьць трэ‘ было раздаваць прыказы, кіраваць зямельнаю, лясною, працоўнаю справамі, судзіць, радзіць, памагаць, уладаваць, наводзіць парадак і ўмацоўчзаць савецкую ўладу. І з усіх канцоў воласьці з яе мядзьвежых куткоў накіроўвалі за разьясьненьнем кожнага пытаньня ў іспалком.

Як толькі пачыналася раніца, ужо не зачыняліся дзьверы; мэрам на станцыі — яны хадуном хадзілі ўзад і наперад, з прычыны чаго бясконца стаяў стук і бразганіна. У іспалком ехалі ахвотна і сьмела, а таму кожная маленькая, зусім нязначная справа, адвозілася у яго на абгавор. Чаго-ж! Свае людзі, бяз крыку, пасуседзку могуць усё абсудзіць і вырашыць. Ды ня толькі заяжджалі з простымі пытаньнямі, а, нават, так, бяз-дай-рацыі, заходзіла ў іспалком штодня шмат людзей, найбольш мяшчан-вікураўцаў, якія любілі парадзіцца аб розных пытаньнях свайго куту і аб навінах у сьвеце. Іспалкомцы, хоць і комуністыя ў большасьці, але свае людзі, выгадаваныя на вачох, чаго-ж іх сароміцца ці баяцца? Ня выжануць. І кожнага дню паміж дзелавымі заежджымі было шмат проста зайшоўшых. Іх ужо можна было адмеціць па нядбайнаму, спайкойліваму выгляду твару, па шырока выказванай суседзкасьці. Многа з гэткіх праз частае наведваньне пазналіся з унутранымі распарадкамі іспалкому і часта падавалі тую ці іншую раду незнаёмым з нічым, рэдка ці ўпяршыню прыяжджаўшым.

Сідор Браварка, адчыніўшы дзьверы, зразу трапіў на аднаго з гэткіх дарадчыкаў і запытаў:

— Скажэце, дзе тут займаецца Андрэй Камель?

— А? Гэта загадчык асьветы? Вунь у тым куце. Прайдзеце. Каля яго, здаецца, менш усяго людзей, ён вас выслухае.

Сідор Браварка павёў носам у дымным згушчаным і зьлёгка смуродным паветры, кіўнуў нездаволена галавою і павярнуў к паказанаму кутку. Гурток сялян, што перагароджваў тады дарогу, расступіўся, і ён вольна падышоў да стала, за якім сядзеў загадчык асьветы, Андрэй Камель.

— Здароў, колега! — прывітаў Сідор Браварка зьнянацку.

Андрэй Камель хутка адняў вочы ад нейкіх папераў, зьдзіўлена паглядзеў у твар Браваркі і адказаў:

— Якім гэта чынам? Вось дык не чакаў, брат, прызнацца! Калі прыехаў? Як надоўга? Што ў цябе новага чуваць? Як