ТРЭСКІ НА ХВАЛЯХ.
I.
У канцылярыі Вікурскага іспалкому, падзеленай на дзьве палавінкі, таўклося процьма людзей. Адны забеглі выясьніць справу з падаткам, другія зашлі папрасіць у прадсядацеля дроў, трэція наведаліся за дапамогаю, а некаторыя так, проста сабе, зашлі. Гамонка дзелавітая, просьбы са сьлязамі на вачох, спрэчкі, выкрыкі ўмольныя, ласкавыя словы знарочыста „прыніжаных“ напаўнялі дзьве невялікія каморкі, брудныя, з разьбітымі вокнамі, неапаленыя, з пашарпанымі, замурзанымі абоямі. Некаторыя з прышоўшых выказвалі сябе сьмелымі і вялі гутаркі са служачымі іспалкому разьвязна, за панібрата; другія-ж, пастарому звычаю, чулі сябе ў іспалкоме, як-бы ў якой канцылярыі царскае воласьці, або станавога, і падыходзілі да сталоў дзелавода ці загадчыка аддзелу з нейкаю палахліваю асьцярогаю, з аглядкамі навакол і назад, з падазронасьцю.
У дзьвёх каморках, якія складалі канцылярыю іспалкому і разам чуць ня ўсе аддзелы, за вылучэньем „габінэту“ прадсядацеля і „габінэту“ ваянкома, стаяла па куткох каля шасьці сталоў. На кожным стале ляжала па некалькі „спраў“ у сініх і жоўтых вокладках, вылупленых у памёршых канцылярыях старога ладу. У суседзтве з справамі стаялі разнаколерныя чарнільніцы з невялічкім запасам вадзяністага чарніла. Добрая колькасьць гэтага чарніла апынулася напаверсе сталоў, размаляваўшы іх большымі й меншымі плямкамі. Але й таго запасу, які меўся ў бутэльках, для дзелавода й для загадчыкаў аддзеламі было даволі. Яны спакойна раз-по-разу мачалі асадкамі ў пляшачкі, прыгінаючы іх набок, каб больш насыціць пёрка, і з перабоямі між гаворкаю выводзілі нямудрыя запісы на кавалачках рознага сорту й гатунку паперы. Часта, абмачыўшы пёрка, яны й не дакраналіся да паперы, а, гаворачы з просьбітамі, хвілінамі трымалі асадкі напагатове да пісаньня, а потым мачалі іх зноў у чарнілы.
Ды, запраўды, куды там было да спакойлівае пісаніны, калі нельга было вольна ўздыхнуць ад людзей, якія ўсё пра-