Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

які-б сьведчыў, што гэты цягнік дзе-кольвечы гатуецца да адходу. Некалькі разоў дапаўняўся ў камэндата станцыі, ці праўда, што праз дзень толькі выйдзе чародны поезд. Зьмяраў у думках адлегласьць да Горадні, думаючы пра коні... У гэткім неспакойлівым, парушаючым настроі Платон адышоў ад усяго на сьвеце: як-бы ўвесь сьвет жыў для яго ў Горадні — ня тэй, бач, што была на соткі вёрст ад яго, а ў тэй, дзе будзе ён наладжваць сваю рэволюцыйную працу. Каб у гэты момант хто асьмеліўся сказаць Платону, што адна асоба наогул мала пасобіць у справе супольнай творчасьці, чымсьці ёсьць рэволюцыя, то ён знарок, насупроціў філёзофіі марксызму, крычаў-бы настойна, што яго асоба, як шчырага рэволюцыянэра, ня роўна другім. Сказаў-бы і падмацаваў гэта многімі прыкладамі з свайго багатага жыцьця.

К вечару, спусьціўшы гадзіны тры пасьля звароту са станцыі, Платон патрошку супакоіўся. Усёроўна яго абурэньні траціліся задарма, як гаснуць іскры ў паветры. Колькі ня злуй, колькі ня нэрвуй — цягнік пойдзе толькі на другі дзень. Як-жа быць з гэтым часам? — выявіў сабе Платон пасьпелую ўнутры, падбіваўшую яго на абурэньне думку. І толькі крануўся таго, як яму будзе правясьці вольны да ад‘езду час, як раптам, быццам хтось жывасілам яму паднёс гэта, Платон ахапіўся ўспамінамі аб хворай мацеры ўдому. Ён здрыгануўся ад гэ-тае балючае раптоўнасьці, хапіўся рукамі за голаў і чуць ня ўскрыкнуў — ні-то ад сполаху за лёс мацеры, ні-то ад радасьці, што ў яго асталося столькі вольнага часу, каб можна было й наведаць яе. Як і што сталася з мацераю за гэтыя два дні? Ці выздаравела яна, ці яшчэ ляжыць хвораю? Калі ляжыць, то як там са жнівом? Пэўна жыта перасьпела, паклалася ды травіцца гавядаю? Каб-жа бацька вярнуўся, то яшчэ-б поўбяды, а то можа і яго няма. Што-ж тады яна будзе рабіць? Ні аставацца ўдому, ні ехаць?

Гэтыя трывожныя пытаньні вострымі мячамі праразалі Платонаву душу, як расплаўленае жалеза, капелькамі падалі ў яго сэрца. Хвіля ад хвілі ён трапятаўся ўсёй істотаю ад нейкага балючага ўздрыгу, натужваў думкі, кідаючы іх праз дваццацёх пяці вярстовую адлегласьць у сваё мястэчка і ловячы выабражэньнем выгляд вобразу свае мацеры. А поруч з гэтым настойная, неўкантактоўная прага, якнайхутчэй апынуцца каля яе, гнала яго ў дарогу. Платону ня йшло ў голаў ні аб ядзе, ні аб некаторых яшчэ нявырашаных справах, зьвязаных з яго назначэньнем. Пасьпяшаючы, як перад трывогаю якою, ён аднёс паёк, атрыманы на дарогу, да Лукаша і, ня хочучы пытацца падводы, пехам пусьціўся да хаты.