Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не, годзе, Лукаш, — настойчыва прамовіў Платон, — ты не разумееш становішча. Тут патрэбны людзі, не як людзі, а найболей сталыя, цьвёрдыя й шчырыя рэволюцыянэры. Хто ня можа растацца з самотным жыцьцём, з яго патрэбамі, той не патрэбен на адказным месцы. Кожны момант ён можа здрадзіць і ад гэтага пацерпіць агульная справа. Вось што, таварышы! — абярнуўся Платон да ўсіх, — я толькі аднаго прашу: няхай рэўком дапаможа маёй мацеры, калі з ёю будзе кепска. Хоць пакуль бацька вернецца з абозу.

— Тамаш, гэта я даручаю табе! — абярнуўся прыежджы таварыш да Тамаша. — Рэўком павінен узяць апеку над мацераю таварыша Гічкі. Таксама павінны пасобіць і бацьком таварыша Лукаша. На тваю, Тамаш, адпаведнасьць... А цяпер — пойдзем, хлопцы. Ужо позна, а нам трэба раніцаю быць у павеце.

Усе разам рушылі ў дзьверы.

VII.

У павеце Платон дастаў назначэньне ў Горадню. Некалькі разоў комітэт партыі абгаварваў яго кандыдатуру, то мерачыся даць працу ў валасным размаху, то ў павятовым. Перш пастанавіў быў паслаць Платона ў Слонім, разам з Лукашом, а пасьля гэта перарашыў і спыніўся на Горадні. Недастача работнікаў з аднаго боку і вялікая патрэба ў іх — з другога, заставілі комітэт пашкадаваць Платона для павету. Ды к гэта-му яшчэ прывёзшы яго таварыш даў пахвальны водзыў аб Платоне, як разумным чалавеку і, галоўнае, як шчырым рэволюцыянэру, падданым комунізму таварышу. Атрымаўшы гэта назначэньне на другі дзень па прыезьдзе ў павет, Платон, быў вельмі палешчан гэтым высокім давер‘ем да сябе з боку вышэйшае ўстановы партыі. Думкі й клопат аб хворай мацеры, з якімі ён выяжджаў і аб чым нясупынна паведваў ехаўшым з ім таварышом, разрэдзіліся, аслабелі ў сваёй натужнасьці і пачалі згладжвацца ў гострасьці. Платону сталі малявацца розныя пляны яго наступнай работы, зараіліся вялікія казачныя самазаданьні. Горадня, з губэрскім размахам работы, новая, амаль непачатая глеба для рэволюцыйнага будаўніцтва, самы характар яго ў гарадзкіх абставінах — узьнімалі Платона да натхненьня. Ужо ня было ніякага сумненьня ў сваіх сілах і здольнасьці. Шырокае поле абяцала выявіцца ўсёй яго шчырасьці, усяму пэнту й гарачнасьці, для якіх малы быў разьмер местачковае працы. Платон з усёю палкасьцю хапіўся за сваё назначэньне, цешыўся і разам баяўся,