Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ах, трэба паднімацца! — праказала яна пад канец і ўстала, змардованая, бясьсільная. Задумалася, заохала... з паўгадзіны прасядзела нярухома...

— Агапка, Агапка-а... перабіў яе думкі рэзкі вясёлы вокліч убегшага з вуліцы яе малодшага браткі Сымонкі: — Прывязьлі Костуся Акрайца... У-у-у! якая пекная труна! Уся абабіта чырвоным мошастам, з белымі кутасамі па рагох, з вянкамі на версе. Якіясьці два ахвіцэры прывязьлі на пары коняў...

Апошніх слоў Агапа не магла разабраць: сэрца яе балюча ёкнула, нібы абарвалася, працятае гострым нажом. Не павярнуўся язык, каб выказаць слова, запытацца, разузнаць. Дзікім сполахам абдало ўсю яе, але не забіла, а толькі на момант прышыбла... Хутка, маланкаю саскочыла Агапа з ложка, схапіла ляжаўшую на лаве хустку, нядбала накінула яе на голаў і ў сподняй спадніцы вылецела на двор.

Адчаянны няпрытомны выкрык, вырваўшыся з яе вуснаў: „Бо-о-жа-аж мой! Ко-осьці-ык дара-агі!“ зьліўся з рэзкім стукам засаўкі...

— Агапа, Агапа! Што-о з табою? — паняслася за ёю Домна, убачыўшы праз вакно дачку, якая бегла на вуліцу.

А на вуліцы ў гэты час чуўся жудасны зацяжны плач. Зьбіраўся сялянскі натаўп і чуўся пахавальны звон.