— Чаму няйначай Платону? — раптам запытаў Платон, — ласьне я менш заняты за цябе? Хай скажуць таварышы. Ды да гэтага яшчэ, маё дамашняе становішча, як табе ведама... Бацька адправіўся ў абоз, а дома адна старая маці... Жнітво падасьпела...
Прыежджы таварыш чэрства паглядзеў на Платона, кіўнуў галавою і сказаў:
— Таварыш! Нам няма чаго чапляцца за розныя прычыны. Сям‘я, дамашняе становішча — гэта буржуйныя забабоны, з якімі нам не належыць лічыцца. Рэволюцыя вышэй усяго. Калі вы шчыры рэволюцыянэр, вы не павінны былі-бы...
— Так, я шчыры рэволюцыянэр! — узьнятым ад крыўды голасам выгукнуў Платон, перарваўшы дакорлівы монолёг прыежджага таварыша; — маю шчырасьць можа кожны з таварышоў засьведчыць. Я цэлы год працаваў падпольна, соткі разоў быў на валасочку ад сьмерці. А ў гэты час бацькі бяз хлеба сядзелі. І сам я ня меў каліва дапамогі. А другія ў той час лаўнікамі служылі ў палякоў... Вы абмыляецеся, таварыш, калі кажаце так...
Ніхто нічога ня мог адказаць Платону на гэтыя яго словы. „Другія лаўнікамі служылі“ — то адносілася да Тамаша, які пачырванеў на твары ад гэтых Платонавых слоў. А прыежджы таварыш бачыў па мінах многіх, што яны хоць маўчаць, але спагадаюць Платону. За свой няўтрымны выказ ён адчуваў нейкую няёмкасьць. Яму ўжо хацелася выкупіць сваю віну адказам мобілізаваць Платона, замяніўшы яго другім. І ён задумаўся, як ямчэй зрабіць адыход ад сваіх слоў.
— Ды ўжо, калі гэтак, я гатоў, — пасьля некаторай маўчанкі праказаў Платон, перабіўшы думку прыежджага таварыша. — Я ніколі ня здраджваў тэй справе, якой больш дзесяці гадоў шчыра служу, і ня здра-а-джу-у. Патрэбен ёй — бярэце. І думаць, нават, не дазволю нікому гэтага. Я згодзен ехаць! Думаю, што і Лукаш Цяўе зробіць тое самае.
Каб зьмягчыць настрой, таварыш з павету сказаў:
— Таварыш Гічка! Пэўна, калі ваша гэткае становішча — бязумоўна вам трэба застацца на месцы. Вас могуць замяніць другія. Я тут мала знаю ваша становішча.
— Нне-э! Ужо няма чаго далей зацягваць: я еду! Вось пайду зьбяруся й прыду.
Дэмонстрацыя Платона перабіла далейшыя гутаркі. Так ужо склалася становішча, што нельга было ні пярэчыць рашэньню Платона, ні адмяняць мобілізацыю. Трэ‘ было спыніцца на тым, што ёсьць — і нарада на тым спынілася.
Платон з Лукашом пакінулі рэўком і пасьпяшылі да хаты.
На вуліцы цямнела.