Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што скажа прыежджы таварыш. Платон, абражаны раней, сеў скраю і штосьці думаў асабістае.

— Таварышы! — пачаў прыежджы таварыш, — мяне прыслалі з павету да вас, каб я тут зрабіў мобілізацыю таварышоў. У вас на мястэчка вялікіх сілаў не патрабуецца, між тым вялікая патрэба ў людзях. Не хватае людзей у павятовыя рэўкомы, у рэўкомы многіх мястэчак і гарадкоў. З цэнтру націскаюць, каб давалі людзей... Вось на пасяджэньні павятовага комітэту і рашано забраць ад вас хоць-бы двох чалавек. Ну, што вы скажаце на гэта?

Нейкі час ніхто ме адазваўся. Толькі падазрона адзін на другога паглядзелі. Пасьля, каб згладзіць няёмкасьць, Тамаш спакойлівым голасам падаў:

— Калі, то аднаго таварыша; дваіх ніяк няможна. У нас таксама шмат работы.

— У вас-жа, вось, цэлая капэльля людзей! — выказаўся прыежджы таварыш, — што вам тут усім рабіць? Вы забываеце, таварыш, што Беларусь ня месьціцца ў вадным вашым мястэчку. Тут вы трымаеце столькі лішніх людзей, што трэба дзіву давацца, ды яшчэ супярэчыце мобілізацыі двух таварышаў. І гутаркі не павінна быць — двух таварышаў я мушу ўзяць з сабою абавязкова.

Рашучасьць, з якою казаў прыежджы таварыш з павету, ясна сьведчыла, што рашэньне ўзяць з мястэчка Маргі двух чалавек было цьвёрдым. Адгаварвацца й супярэчыць далей было дарэмна. Тут ішла рэч аб пастанове комітэту, аб справах рэволюцыі. Гэта адчулі ўсе, як адзін, і моўчкі выказвалі сваю згоду адпусьціць дваіх. Але каго? Прапанаваць другога, таго ці іншага, ніводзін не хацеў. Усе чакалі пропозыцыі з боку прыежджага таварыша...

— Дык вось, таварышы! — не дачакаўшыся адказу, выказаў павятовы таварыш, — нам сёньняка патрэбна выехаць. Каб ня траціць, часу, намячайце кандыдатаў. Пакуль яшчэ яны зьбяруцца... Хто ў вас менш заняты й без каго можна было-бы абыйсьціся пакуль-што?

Рэўкомцы пераглянуліся і зноў ня ведалі, што сказаць.

— Вы-ж павінны ведаць, таварыш, — абярнуўся прыежджы таварыш да Тамаша.

Тамаш сумеўся і, каб мінуць нерашучасьць, сказаў:

— Платон Гічка і Лукаш Цяўе, бадай-што лепш другіх падходзяць.

Тамаш пытальным поглядам кінуў у вочы супроціў яго сядзячаму таварышу Аўсею. Той паціснуў плячыма і змаўчаў.