Чырвоная армія праз кожную гадзіну аслабаняла ўсё новыя абшары краю. У кожную вёску трэ‘ было пасылаць хоць па два чалавекі. А іх так мала было! Шмат выдзяляла работнікаў чырвоная армія, але трэба было кожнага намеціць, куды пасылаць, на якое месца назначыць, каб ён адпавядаў яму.
Да позьняе ночы цягнуліся пасяджэньні, натужныя, нэрвовыя. Платон слабеў, таміўся і, вярнуўшыся ўночы, хутка еў і кідаўся ў пасьцель.
Толькі на чацьверты дзень як быццам-бы гарачка крыху спала, і Платон, пасядзеўшы ў рэўкоме да абеду, пайшоў да хаты. Ён ужо ня думаў вярнуцца ў рэўком, а рашыў другую палову дня застацца ў дому, адпачыць і разам абгаварыць з мацераю дамашнія справы, — Ды, к гэтаму, — думаў ён, ідучы, — павінен бацька хутка вярнуцца. Ня мусіць-жа ён ехаць бясконца... Падвязе вярстоў са сто, а там ужо зьменяць другія. Яно-б хай-бы сабе ехаў і далей, толькі стары замучыцца ў доўгай дарозе. А тут яшчэ гэта жнітво... Запраўды, што-ж маці зробіць, калі мне прыдзецца куды выехаць!
Прышоўшы дадому, Платон мацеры не застаў: яна незадоўга перад абедам пайшла ў жытні палетак паглядзець, у якім становішчы жыта. Платон сам знайшоў яду, паабедаў і сабраўся прылегчы. Але толькі ён пасьпеў разуцца, як знадворку пачуў гутарку. Ён барджэй назад усьцягнуў боты на ногі і падбег да вакна. У сенцы якраз уходзіла маці і стораж рэўкому, Яўхім.
— Навошта ён вам? Дайце хаця паабедаць вольна, — казала расьсерджаным голасам Юзя.
— Я ня ведаю нічога. Мяне паслалі, і я прышоў. Пільна патрабуюць, — адказаў Яўхім.
— Што за ліха! Навошта я ім? — падумау Платон абярнуўшыся да дзьвярэй і чакаючы ўваходу Яўхіму. — Нядаўна нікога ня было, а гэта вось насьпела: дыхнуць ня могуць без мяне. Галава трашчыць — а й гадзіны нельга супачыць...
— На, вось, ты мо‘ даўно ня бачыўся, дык маеш, — пераступаючы парог і паказываючы на Яўхіма, які йшоў сьледам, злосна выказала Юзя. — Чаго такі табе так пільна патрэбна там быць? Ласьне ты даўно ўжо ўдому?
— Чакайце-э... толькі, маці...
Платон узяў ад Яўхіма запіску, прачытаў і ўголас выказаў:
— Што за прымха! Надало яму прыехаць. Тут ужо нечым пахне. Пэўна якое-кольвечы экстрэнае здарэньне, — падумаў Платон.