— А вось, бацьку першым выпраўляеш. Пэўна хочаш паказаць гэтым, што...
— Выбачай, браце... Я гляджу так, што тут не павінна быць ніякіх льготаў. Ня пусьціш ты свайго бацькі, ня пушчу я — тады што выйдзе? Кожны будзе пальцам паказваць на нас, кажучы: „Вось табе роўнапраўе і свабода“. Не, брат, нам патрэбна другім прыклад даваць. А то, вось, ужо ўчора да мяне прыходзіў адзін сусед і прасіў, каб я пасобіў яму застацца і не паехаць. І калі я сказаў, што я й бацьку выпраўляю, дык ён, думаеш, паверыў? Хай-жа бачаць, што я ў абавязках да справы не знаходжу розьніцы між бацькам і чужым.
— А ты думаеш, што гэта пасобіць? Нічога! Усёроўна будуць казаць усякія плёткі. Кулаччо — ласьне яно паверыць у тваю шчырасьць? Ня думай — адказаў Тамаш. — Куды табе раўняцца! Твой бацька стары, маці старая... я-б, ведаеш, не радзіў-бы справаджаць бацьку ў фурманку. Мала-што можа трапіцца ў дарозе, а ад гэтага...
Платон крыху задумаўся і памаўчаў.
— Ведаеш, Тамуля, я ўсё-ткі не магу гэтага зрабіць, — адказаў ён: — трэба пасабляць, чым мага. Ідэю трэба ажыцьцяўляць і, ажыцьцяўляючы, даваць прыклад другім... Вось паглядзі ты...
Платон спыніўся, ня ведаючы, выказаць ці не перад таварышам чутае аб ім. „Скажу, што-ж дрэннага ў тым“, парашыў ён. Але пакуль пасьпеў адчыніць рот, як Тамаш яго папярэдзіў, улавіўшы Платонаў намер.
— Ну, ну, кажы. Што ты спыніўся?
— Ды тут, бач, нічога такога няма. Я хацеў толькі сказаць, што... ўжо ходзяць чуткі, нібы-то Паўлусь Брушка вызваліў ад фурманкі ня толькі бацьку, а й дзядзьку.
— Чу-уткі-ы? Ласьне гэта на карысьць справе? Чорт яго ведае, гэтага Паўлуся. Як ён ня можа нічога цішком зрабіць. Ды, галоўнае, і дзядзьку! Вядома, што так нельга. Гэта-ж запраўдны кулак, — занедаволіўся Тамаш.
— Ну, вось бачыш...
Платон не даказаў. Стук у дзьверы каморкі, дзе ён сядзеў з Тамашом, перабіў іх гутарку. Платон ускочыў з месца і адчыніў дзьверы. За дзьвярыма стаяў яго бацька.
— Што-ж ты так засядзеўся тут, — дакорліва сказаў Юрка, — я чакаю-чакаю, а цябе няма. Трэ‘ было-б яшчэ парадзіцца аб сім-аб тым перад ад‘ездам, а ты тут увесь час прасядзеў...
— Дык давайце, — згадзіўся Платон.