гэта пытаньне пры мужу й пры сыне. Ходзячы каля печы і гатуючы сьнеданьне, яна раз-по-разу пазірала ў вакно, каб упэўніцца, ці ў двары мужчыны. На вуліцы чуўся крык і суятня. Хаця-б не пагналі раптоўна, ня даўшы якраз сабрацца? Каб гэтага ня здарылася, Юзя рашыла мужчын зазваць у хату.
— Юрка, Платон, дакуль вы там ня ўсходзіцеся? Ідзеце ў хату, зараз сьнеданьне будзе, — пагукала яна настойна.
Мужчыны ўвайшлі.
— Вось што, родныя мае, — абярнулася да іх Юзя — час ідзе, а мы-ж яшчэ не парадзіліся, нават, як будзе хата? Адзін едзе зараз, а другі — у кожную хвіліну таксама можа пакінуць мяне. Дайце абгаворым, што прыдзецца мне рабіць?
Юрка прысеў каля стала і, падумаўшы, адказаў:
— Што-ж я! Я—нічога! Няхай Платон кажа. Калі я паеду — пэўна ён тут магчыме застацца... Чуеш, сынок? Дагледзіш ты хаты й мацеры?
Платон упэўнена адказаў:
— Трэба будзе.
— Ну, а калі самога пагоняць куды? — запыталася Юзя.
— Нічога. Тады рэўком пасобіць... не бядуйце.
— Ой, глядзі, Платонка. Ты дарэмна так запаўняеш, — сумелася Юзя, — паедзеш куды, а мне — пропадам прападай.
— Ня бойцеся, маці, я ня дам прапасьці... Ну, давайце сьнедаць, да трэба бацьку ехаць, — каб не зацягваць каразьлівае гутаркі, — папрасіў Платон.
Юзя паслухна падала на стол сьнеданьне, а сама задуменна вышла ў сені.
Юрка з Платонам прыняліся есьці.
III.
Пасьнедаўшы, Платон з бацькам паехалі да рэўкому. На вуліцы і на рынку ня відаць было пакуль ніводнае фурманкі. Яны пад‘ехалі да будынку рэўкому і прыпыніліся. Юрка застаўся на возе, а Платон пайшоў у канцылярыю.
У канцылярыі рэўкому было ўжо некалькі чалавек з рэўкомцаў, у тым ліку Тамаш Яўгеньняў, Сіман Хаімаў ды іншыя. Угледзеўшы Платона, Тамаш запытаў яго:
— Ну, як з фурманкамі? Зьбіраюцца?
— Пакуль ня відаць... Толькі мой бацька вунь стаіць.
Яны прайшлі ў асобны пакой і паселі каля стала.
— Стараешся ты, Платон, як я бачу, — гіранічна выказаў Тамаш.
— Чаму? — зьдзівіўся насур‘ёз Платон.