Некалькі чалавек ускочылі ў двор і направіліся да Аксеньні й Мікіты, другія пакіравалі на другі бок хаты.
То былі стражнікі.
— Дзе сын? — выгукнулі двое ў адзін голас, абступіўшы старых, — кажы, а то на месцы сьмерць.
Перапуджаныя да няпрытомнасьці старыя Вілы не маглі прамовіць і слова.
— Кажы-ы! — закрычаў ужо адзін стражнік і заядла хвазянуў нагайкаю па плячох старога Мікіту.
— А-ай! — застагнаў Мікіта.
І не пасьпеў абарвацца яго крык, як з сянец пачулася некалькі рэвольвэрных стрэлаў...
Вакол аддалося гучнае рэха. А праз некалькі хвілін, калі, апамятаўшыся ад нечаканай страляніны, дзесяцёра стражнікаў на чале з прыставам варваліся ў сені Вілавых хаты і радасна выгукнулі—„здавайся“. — Ігнась ляжаў на ўслоне з прабітаю галавою, з акрываўленым тварам і адзежаю, а пры ім, бледныя, як сьмерць, стаялі Трахім, Хрызь і Фэйга.