— А бацька не прыяжджаў? — запытала маці.
— Не, — скрозь зубы праказала Агапа.
— Нябось, ты ўсё дзьмешся... Не дастае чагосьці табе ў нас, крыўдзяць бедную... Не даюць волі дурнотаў чыніць... Мала сораму яшчэ прынясла бацьком, ды сплётак парадзіла сваймі дзеямі, дык яшчэ болей хочацца надазаліць родным... Няхай, вось, паказваюць пальцамі на цябе: „Твая дачка ўліпла ў басяка, запісалася ў бальшавікі... Камуну ўздумала будаваць...“ Ад кожнага чуеш, кожны ўпікае... Эх, эх, і пасьпела-ж пераняць ліха ведае што... Што-й будзе з тваіх вытвараў... дачка, дачка!..
Домна цягнула-б далей касьціць сваю „ўпартую, непакорную“ дачку, але гоман яе чым далей, тым цішэў і рабіўся неразборным, заплутаным.
— І чаго яна грызецца... — падумала Агапа, якой рабілася няўрымна стаяць на адным мейсцы і слухаць матчыныя прычыты. Яны гэтак ужо ўеліся ёй у косьці, так надазолілі! І яна то сударгна ўздрыгвала, садзючыся на лаўку, то нэрвоўна паднімалася. Задуменная ды змучаная цяжкімі думкамі яе тварына ўздрыгвала. Ад падышоўшых сьлёз расчырванелі вочы.
— Ды будзе вам, маці, расходзіцца: усё роўна ўжо вам мяне ня справіць. Давайце ляпей пад канец пагодзімся і... разыдземся ў ладох, — нерашуча, цярэбячы ў руках кончык хвартуха, праказала Агапа.
На яе твары празіяла ўхмылка.
Маці, ня ждучы гэткіх слоў ад дачкі, ажно ўздрыгнула.
— Што-о ты кажаш? — недаўменна запытала яна Агапу.
— Але, маці, заўтра я парашыла ехаць да Костуся. Няпрыменна. І ня думайце перашкаджаць... Нічога не збаюся. Годзе... Рукі налажу на сябе, калі гвалтам будзеце трымаць.
Гарт і парашымасьць, з якімі Агапа праказала гэтыя словы, да таго жахнулі Домну, што тая ўся ажно затраслася ад ахапіўшага яе сполаху. Як трымала гаршчок у руках, так і выпусьціла яго на зямлю, праліўшы крупнік. Зьбялеўшая, ні то ад злосьці, ні то ад спуду, яна нямым голасам загаманіла:
— Як? Хто? Што? Агапка, чаму-ж ты так!
У голасе яе чуўся спуг, разгубленасьць, бяспомачнасьць.
— Паеду, паеду! як сабе хочаце... На хронт, далёка. Не магу далей слухаць вашых ушчункаў... грызьні, сварак... Чырвонаю сястрою паеду... буду перавязваць раненых чырвонаармейцаў... Буду сама біцца супроціў паганых шляхтаў ды паноў. 3 вінтоўкаю, з кулямётам у бойку пайду поміж з Костусем... Памру з ім. Не магу тут болей заставацца: надаела мне ўсё ў вас; і вы, нават вашы рэчы, вашы думкі і жаданьні: усё сяло, паветра, якім сапу я гэтта. Скончана!