Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мікі-ы-та-а, Аксе-э-кьня-я, хавайце сына-а... хава-ай-це-э-э... — зацяжным шэптам праняслося ў сенцы праз ваконца. — Ідуць стражнікі, хутчэ-эй...

То быў жаночы голас і Аксеньні паказалася, нібы суседкі Парулі.

— Гэта Паруля, — выказалася Аксеньня да ўсіх. — Чакайце, я выбегу ў двор.

Яна кінулася ў дзьверы, матаючы рукою назад.

Але ўжо ня было спакою: усе павылазілі з застольля і трывожна пераглядаліся. Мікіта са сполахам у твары паглядаў на Ігнася, які настарожана глядзеў усьлед мацеры.

— Аксе-э-ня-а, што-о ты сабе-э думаеш? — пачулася выразна скрозь шчыліну адчыненых Аксеньняю дзьвярэй.

Таксама чулі ў сенцах, як Аксеньня шэптам запытала:

— Паруля? Ці гэта ты? — і зразу-ж перамяніла голас, крыкнуўшы:

— Чаго-о цябе, зладзейка-а, няшчасьце прынясло? Вон, паганка, адгэтуль... Спакою ад вас не знайсьці нідзе, жывадзёры праклятыя... Вон з двара, вон... Хрызь, Мікіта-а, сюда-а йдзеце!..

Як стаялі ў недавуме, так раптам кінуліся ў дзьверы адзін за другім і Хрызь, і Мікіта, і Алесь.

— Гэта-ж Рубчыха шалёная прыбегла страшыць. Вось яна, вось... Папруцінай яе адгэтуль.

Выбегшы ў двор, усе ўбачылі ўстрывожаную, нашароханую Марылю Рубец, якая нясьціханна ўзывала Аксеньню да перасьцярогі, ня гледзячы на лаянку з боку апошняй.

— Што-о ты да нас маеш, згубіцелька наша, — яшчэ галасьней, да хрыпоты, выгукнула Аксеньня, калі падбеглі да яе Хрызь з Алесям Цапам.

— Мама, чакай... пастой, ня крычы... У чым справа? — запытаў Хрызь, узіраючыся ў абрысы Марылі.

— Я прыбегла перасьцярэгчы вас ад бяды... Я толькі-што праведала, што да вас маюцца прыйсьці на вобыск... Можа ўжо нават ідуць дзе... Шша-а, о, чуеце-э...

Марыля прыцішыла голас і падалася некалькі шагоў узад. Тое-ж зрабілі й другія.

Недалёчка ад хаты, на вуліцы, пачуўся шлёп некалькіх ног.

— Хавайце-э Ігнася-а, поліцыя! — моцным шэптам праказала Марыля і раптам кінулася наўцекі. За ёю пусьціўся Алесь, не даючы сабе адліку, чаго і што ён бяжыць.

Хрызь павярнуў у дзьверы, але не пасьпеў адчыніць іх, як з вуліцы данёсься крык:

— Сто-ой! Лаві-ы! Страляй!