якія, вызывалі вострае хаценьне паказацца як найбольш каму. Асабліва рупіла хутчэй угледзець таварышаў і распытацца ў іх, як і што стаіць справа з яго ад‘ездам у Амэрыку.
— Дзе-ж яны, такі, гэтыя хлопцы? — запытаў Ігнась брата, калі стол ужо быў акурат прыгатаван да стрэчы гасьцей.
— Зараз павінны прыйсьці! — заспакоіў Хрызь, — вось я выбегу, пагляджу, — дадаў ён.
— Куды-ы табе... — спыніў бацька і раптам змаўчаў.
Прымоўклі і Ігнась з Хрызем.
З двара данёсься ціхі, украдлівы тупат шагоў.
— Вось прагаварыліся ў добры час.
Усе чэцьвера (Аксеньня якраз вышла з хаты) як па камандзе пастроіліся радком, абярнуўшыся тварамі да дзьвярэй і пачалі чакаць.
Неўзабаве адчыніліся дзьверы і ў сенцы ўвайшло трое асобаў—Алесь Цапа, Трахім Зацірка, Фэйга Шамес.
Мікіта зачыніў за імі дзьверы.
— Ну, як жывеш?
— Здароў, браце!
— Што чутно?
Прывіталіся папарадку. Пачаліся распытаньні.
— Гэта пасьля, пасьля... Цяпер, калі ласка, вып‘ем па чарцы ў адзнаку яго прыезду, — пераняў гутарку Хрызь.
Бацькі хапілі Алеся, Трахіма й Фэйгу і пацягнулі іх за стол.
— Вы-ж самыя лепшыя й самыя блізкія прыяцелі нашага Ігнаткі. Ён так чакаў вас, так хацеў убачыць... За яго здаровейка! — пераказвала Аксеньня.
— Гэта наша бяседа мо‘ замест вясельля будзе. Хто ведае, як будзе далей, ці прыждамо мы нашага сынка... Ня пэвен чалавек, ня пэвен час... Сядайце, дзеткі! Некалі-ж разам працавалі, — казаў ад сябе Мікіта.
— Ды ўжо-ж, мы зьвязаны адзін з другім многім чым... Ёсьць што ўспомніць...
— Авось дачакаемся стрэчы, калі нашы ворагі будуць хавацца гэтак, як мы, калі.
— То ўжо ваша справа, а нам, старым, не дачакацца таго, не...
Ігнась наліў чарку й падняў яе над сталом, падаючы бацьку.
— Ну, стары... — весела выгукнуў ён і змоўк.
У дзьверы нехта стукнуў — і перабіў Ігнася.
Усе навастрыліся й прыціхлі.