Бацькі ня мелі слоў, ці не хацелі знарушаць урачыстасьці спатканьня — і маўчалі, нярухома стоячы. Ігнась сьпяшыў разьдзецца, аглядзецца. Хрызь бегаў то з хаты, то ў хату.
За трэцім разам, пераступаючы ў сенцы, Хрызь спакойліва праказаў:
— Зараз надыдуць госьці, прыгатоўмася.
Аксеньня рушыла з месца й пабегла ў хату. Мікіта з Хрызем аднесьлі к боку дзьве бочкі і прыставілі да лаўкі яшчэ раней вынесены з хаты і засланы сурвэтаю стол.
Загутарылі ўтраіх.
— Чакалі, як бога, а разам усё-ж і ня верылі, што ты будзеш з намі. Гэткая ўжо натура людзкая... Глядзімо з мацераю ў вакно, а ты ўсё й мігаешся ў ваччу... А сэрца нясупынна б‘е, трывожыцца. Чаго добрага — усё можа стацца...
Мікіта паглядзеў на дваровую сьцяну сянец, дзе ў драцяным пераплёце глядзела чорным вокам малюпаткае вакенца, і азірнуўся на Ігнася.
— І ў нас усялякія людзі ёсьць. Нельга верыць усім.
Ігнась паглядзеў на бацьку і запытаў:
— Вы хаця нікому не казалі, што я прыеду?
Хрызь за бацьку адказаў:
— Будзь спакоен.
— Будзь спакоен, — паўтарыў Мікіта.
Аксеньня вынесла з хаты некалькі місак з патраваю і паставіла іх на стол. Ставячы, паглядзела на Ігнася.
— Гэта ў тваю чэсьць, сынок мой... Так мы рады, што ўгледзелі. Ці дачакаемся другі раз?
З яе вачэй выплыла засаб па некалькі буйных сьлязін. Аксеньня абцерла твар прыпяразаным хвартухом.
— Будзем бачыцца, матка! Не даждаць ім разлучыць нас з табою. Дарэмна! Голаў сваю скруцяць, а ня супыняць таго руху, які нясе ім пагібель...
Хрызь дастаў з-пад поду дзьве пляшкі, абвязаныя белаю хусьцінкаю, і паставіў іх між трох місак.
Мікіта зьняў з паліцы хлеб і прыняўся кроіць ды раскладваць па ўсяму сталу.
Ігнась тупаў па сенцах, пазіраючы то на стол, то на бацькоў, і гладзячы доўгія шэрацёмныя косы. На яго заспакоеным твары раз-по-разу прабягалі раптоўныя ўздрыгі і тады Ігнась на хвілінку прыпыняўся, ды падозрана азіраўся вакол. Пасьля йзноў пускаўся ў хату, забываючы сваё становішча і ўмовы, якія яго акружалі ў бацькавым доме, у родным куце. Падступала к яму цьвёрдая пэўнасьць і спакойная бясьпека,