Перайсці да зместу

Старонка:Трэскі на хвалях (1924).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Выгнаць цябе, нягодніца, трэба да ўсіх чарцей. Усю сям‘ю нашу апаскудзіць захацела... Злыгалася, шэльма, з бальшавіком і няма рады... 3 бальша-авіко-ом! Нібы няма лепшых хлопцаў на сьвеце... Вось пачакай, прыдуць легіянэры, тады іншае запяеш... Ды праз яго і нам бяды не адкасьніцца будзе... Прычэпяцца — і аграбяць ці заб‘юць за няма нішто, за жуліка якогась там... Выганім, Агапа, насурьёз кажу табе, калі не адрачэшся ад яго!..

— І трэба выгнаць! Волю сабе дала! Моц пачула... Праз бацькоў і не шманае! Пачакай, галубка, вазьму я цябе ў рукі! — ушчуваў Агапу і бацька.

І ўшчунак яго выводзіў Агапу са сьцерпу ды яшчэ болей умацоўваў яе рашучасьць уцячы хутчэй да Костуся, зьбегчы ад нядобрых бацькоў і ўжыць свае спаконныя мары. „3 ім мне гэтак добра будзе! Начальнік гарнізону! Усе падчыняюцца яго распарадкам, усе яго слухаюць! Посьле гонкі, бяспрыхільнасьці... Го, мой Костуська!—марыла Агапа ў самоце.—„Не, паеду, паеду, паеду!" — пераказвала яна сама сабе, міжвольна ўтуруючы рэдкім, мерным ударам благаслаўлячага звону.— „Толькі, калі мне пайсьці з дому? І як пайсьці, каб ніхто ня знаў, ня бачыў, аднэй, цішком?“ гадала яна ў натузе.

— Вечарам! — штосьці падсказала ёй: — Заўтра вечарам. Чаго-ж чакаць далей! Парашыла — дык выпаўняй...

Агапа як бытцам-бы на момант супакоілася: прайшлася некалькі разоў па хаце, уздоўж і ўпоперак, нават зацягнула напеў аднэй рэволюцыйнай песьні, які збадзёрыў яе, падняў настрой і абудзіў ахвоту, а потым зноў прысела.

Прысела і радым узрокам пачала зьмяраць праз вакно сьцены хатаў, садкі, вуліцу.

Так прайшло з паўгадзіны...

— Ну, ужо ідзе, ужо вяртаецца, ужо пачнецца, — раптам праказала яна самой сабе, нездавольна зарухала і адвярнулася ад вакна з нейкай каразьліваю пасьпехаю.

— Спакою няма: толькі ўнялося сэрца, як ізноў...

Стук дзьвярэй і ўваход тут-жа ў хату Агапінай мацеры перабілі яе. Агапа змоўкла і адвярнулася ў вакно.

А маці, Домна, высокая, гадоў пад сорак, кабета, поўная і стройная, з гладкім тварам, вайшла, акінула хату зіркам і, прыкмеціўшы дачку ў вакне, спынілася ў запечку.

— Ты ужо даўно дома? — чэрства запытала яна.

Агапа не адказала.

— Ты чуеш, ці не? — гульчэй вымавіла яна.

— Ня вельмі, — неахвотна адказала Агапа, міжвольна ўздрыгнуўшы.